Восень: уладкуйцеся перад экранам і глядзіце «Белсат»! Новыя праграмы, фільмы і серыялы


Распавядаем пра навінкі ў нашай ТБ-праграме.

Серада, 21:25 – «Вяскоўцы»

Аўтар небанальных краязнаўчых артыкулаў на сайце «Белсату» надзявае лапці, бярэ касу, кладзецца ў мурашнік і выпытвае вясковыя лайфхакі. Віктар Шукеловіч з любоўю ды іроніяй пакажа вам цяжкое вясковае жыццё, ад якога ўсе бягуць у горад, і тых, хто застаўся ды атрымлівае ад яго асалоду. Такіх каларытных герояў вы не сустрэнеце ні на абшарах інтэрнэту, ні на іншых тэлеканалах!

Больш падрабязнасцяў тут:

Чацвер, 19:00 – «Людскія справы»

Праграма «Людскія справы» дапамагае гледачам разабрацца ў тупіковых жыццёвых сітуацыях і паспела ператварыцца ў журналісцкую «хуткую дапамогу». Каб яшчэ больш аператыўна рэагаваць на вашыя праблемы, у новым сезоне аўтары ўводзяць некалькі навінак, сярод іх рубрыку для гледачоў «Фарсаж». У ёй яны будуць распавядаць, над якімі тэмамі працуюць, а вы зможаце падказаць сваё вырашэнне праблемы, паведаміць пра падобныя выпадкі або сігналізаваць пра тэму, якая вам падаецца больш важнай.

Дарэчы, аўтары роліка «Белсату», які прамуе восеньскі сезон, натхніліся чэленджам «Затрымай час». Ён стартаваў ў 2016-м, і розныя каманды з усяго свету здымалі ролікі ў тэхніцы stopmotion. Мы вырашылі, што гэта менавіта тое, што трэба, бо неўзабаве «Белсату» спаўняецца 10 гадоў. Ролік паўстаў у выніку бесперапыннай здымкі камерай, замацаванай на аўтамабілі. Каля 40 чалавек выстраіліся ўздоўж 30-метровага ўчастку дарогі, і кожная група па чарзе згуляла сваю сцэнку. І ўсім разам трэба было ўкласціся ў 6 секундаў, за якія міма праехаў аўтамабіль.

Чацвер, 21:45 – Мастацкія фільмы вытворчасці «Бі-бі-сі»

Культавая прадукцыя Бі-бі-сі на «Белсаце»! Першую палову восені а гэтай гадзіне вы зможаце паглядзець дэтэктыўны серыял. Пачнем з «Незабытага» (Unforgotten), пасля яго заканчэння – «Лютэр» (Luther), далей – «Мегрэ» (Maigret). Пазней месца дэтэктываў зоймуць экранізацыі класікі брытанскай літаратуры: серыялы «Малютка Дорыт» (Little Dorrit), «Джэйн Эйр» (Jane Eyre) і «Вялікія спадзяванні» (Great Expectations).

Субота, 10:40 – Дакументальныя фільмы вытворчасці «Бі-бі-сі»

Раніцы суботы – час для аматараў падарожжаў і экзатычнай жывёлы. Мы пакажам вам фільмы «Планета зямля» (Planet Earth), «Афрыка» (Africa), «Елаўстан» (Yellowstone), «Планета людзей» (Human Planet), «Жыццё» (Life), «Сенсацыйне абвяржэне» (Bang Goes The Theory).

Нядзеля, 16:00 – гістарычныя фільмы і серыялы «Бі-бі-сі»

У нядзелю пасля абеду чакаем тых, хто цікавіцца не толькі сучаснасцю. Вы зможаце паглядзець серыял «Гісторыя свету ў выкладзе Эндру Мара» (Andrew Marrʼs History Of The World). Дакументальныя здымкі ў спалучэнні з камп’ютэрнай рэканструкцыяй гарантуюць эфект прысутнасці падчас нараджэння людской цывілізацыі і самых важных падзеяў сусветнай гісторыі. Далей прапануем серыялы «Шоўкавы шлях» (The Silk Road), «Вікінгаў» (Vikings), «Старажытны Рым: розквіт і падзенне імперыі» (Ancient Rome – The Rise And Fall Of An Empire).

Нядзеля, 17:45 – забаўляльная праграма «Міністэрства праўды»

Для аматараў палітычнай сатыры вядомы рэжысёр Юры Хашчавацкі падрыхтаваў новую праграму «Міністэрства праўды». Тут і Дэпартамент заклятай дружбы, і Маленькае вялікае міністэрства, і канцэрты з канструктыўнымі музычнымі нумарамі для задавальнення патрэбаў працоўных. А камандуе усімі Пуцін. Калі вам падабаюцца мультфільмы з «Эксперта» і «Жэстачайшага ілюзіёну» – вам сюды.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў