Восем гадоў з дня трагічнай смерці рэдактара «Хартыі'97»


Люты 1999 года. Чальцы аргкамітэту «Хартыі’97» (злева направа) Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў і Алег Бябенін. Фота – Юрый Дзядзінкін / «Абажур»

Алег Бябенін не пакінуў пасмяротнай цыдулкі, а акалічнасці здарэння выклікаюць шмат пытанняў.

У верасьні 2010 году журналіста знайшлі ў пятлі на лецішчы ў Дзяржынскім раёне. Бябеніну было толькі 36 год. Смерць з прыкметамі самагубства здарылася падчас найважнейшага перыяду прэзідэнцкай кампаніі, калі да выбараў заставалася тры месяцы.

Калегі і сябры Бябеніна ў ягоны добраахвотны сыход з жыцця не паверылі.

Яны згадвалі выкраданьне журналіста і пагрозы на ягоны адрас з боку невядомых у 1997 годзе, казалі пра прыкметы барацьбы ў доме, дзе знайшлі цела.

Тыя, хто ведаў Бябеніна, кажуць, што смерць, з аднаго боку, сталася вынікам ягонай прафесійнай дзейнасці, з іншага – павінная была запалохаць ассяродзе беларускіх незалежных журналістаў.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе ў расейскай Кастраме. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара незалежнай беларускай газеты «Імя». З 1998 года Быў заснавальнікам і кіраўніком сайта «Хартыя«97».

Акрамя журналістыкі, Бябенін пачаў займацца палітычнай дзейнасцю – узначаліў выбарчы штаб кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава.

Пракуратура спыніла правяранне паводле факту смерці Алега Бябеніна праз некалькі месяцаў пасля яе пачатку, нягледзячы на ​​патрабаванні міжнародных арганізацыяў і праваабаронцаў аб правядзенні належнага расследавання.

Саннікаў, які пасля выбараў адбыў паўтара года ў вязьніцы і мусіў па вызваленні з’ехаць зь Беларусі, таксама заявіў, што ня верыць у самагубства.

Рэжысёр Вікторыя Кольчына зняла для «Белсату» дакументальны фільм «Алег Бябенін: Я застануся» (2010).

Стужка распавядае пра тых, хто, ігнаруючы пагрозы свайму жыццю, не перастае выконваць свайго абавязку, нават ведаючы, што здарылася з Алегам Бябеніным.

У Алега Бябеніна засталіся жонка і двое сыноў.

ДД

Стужка навінаў