«Вось у 1994-м – гэта былі выбары!»


http://youtu.be/HZg8w-zb5Zw

Журналісты «Белсату» спыталі мінакоў, ці адчуваюць яны важнасць надыходзячых выбараў. У Магілёве значная колькасць апытаных выказваліся надзвычай скептычна, аднак былі і рэспандэнты, перакананыя ў тым, што выбары будуць справядлівыя і маюць рэальны ўплыў на лёс краіны.

Адзін з апытаных распавёў «Белсату», што лічыць выбары фармальнасцю, аднак мяркуе, што Беларусі неабходны сам факт іх правядзення. «Дзеля прафілактыкі трэба зладзіць. Трэба паказаць, што краіна ёсць і існуе, дзеля гэтага патрэбныя выбары», – сказаў мужчына.

«У 1994 годзе былі выбары. Калі абмяркоўвалі ў аўтобусах, тралейбусах – галасуем за Лукашэнку ці не, агітацыя была. А цяпер… нічога не змяняецца», – дадаў іншы мінак.

Выбары нічога не зменяць і Лукашэнка застанецца кіраваць краінаю, – у гэтым перакананая большая частка тых, хто ўзяў удзел у апытанні. Адна з рэспандэнтак заявіла, што ўвогуле не трэба было арганізоўваць перадвыбарчую кампанію, а скіраваць гэтыя грошы на дапамогу ў дзіцячыя дамы ці на адукацыю. «А што датычыць некаторых іншых кандыдатаў, то яны – прадстаўнікі адной дзяржаўнай структуры і патрэбныя дзеля таго, каб была прынамсі нейкая альтэрнатыва. Інакш Аляксандру Рыгоравічу было б няёмка быць аднаму на гэтых выбараў».

У пятніцу завяршыўся адзін з этапаў выбарчай кампаніі – збор подпісаў за прэтэндэнтаў. З васьмі прэтэндэнтаў трое не здолелі сабраць неабходныя 100 тысячаў подпісаў. Такім чынам, з выбарчай гонкі выбываюць лідар АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік «Справядлівага свету» Сяргей Калякін і прэтэндэнтка Жана Раманоўская.

Дастатковую колькасць подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў здалі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Мікалая Улаховіча, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі і Таццяны Караткевіч.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары