«Вось тут стаяла пральная машына – яны яе забралі»


Фота – svaboda.org

Маленькая жанчына з вялікім бел-чырвона-белым сцягам. І справа, якая не паддаецца асэнсаванню. Карная сістэма супраць 69-гадовай пенсіянеркі. Ніна Багінская не абмінае ніводнага пратэсту ў Менску. Штрафы за ўдзел у акцыях сягаюць сарака мільёнаў. Спачатку забіралі і без таго малую пенсію, а цяпер чарга дайшла да пральнай машыны, мікрахвалёўкі ды зямлі.

Судовыя выканаўцы прайшліся па кватэры Ніны Багінскай як віхура. Пад канфіскацыю ў лік штрафаў за акцыі трапіла пральная машына і мікрахвалёўка, якія належаць дзецям актывісткі.

«Мыць цяпер бялізну трэба ўсім рукамі. Гэта і мне, і сыну, і дачцэ», – звяртае ўвагу грамадская актывістка Ніна Багінская.

Нясплочаных штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях назбіралася на суму Br 40 млн. Але пенсіянерка прынцыпова не ходзіць на судовыя паседжанні ды не плоціць пакаранняў, якія і так спаганяюцца з ейнае двухмільённае пенсіі.

«Мой удзел у палітычных акцыях – гэта мая грамадзянская пазіцыя, якая не супярэчыць Канстытуцыі і я маю права негвалтоўна, спакойна выказваць нязгоду з тым, што адбываецца ў нашай краіне».

Акрамя побытавай тэхнікі пад арышт трапілі і два дачныя ўчасткі Багінскай – у Дамашанах і Марʼінай Горцы. Пра зямлю жанчына гаворыць з асаблівым непакоем, развешваючы зёлкі, акурат прывезеныя ёю з лецішча.

«Усё гэта пакуль робіцца для застрашвання людзей. Каб нават мае сябры, якія хадзілі на акцыі, падумалі, перапужаліся і сабе сказалі: а навошта я туды пайду? Ці ў мяне ці ў дзяцей забяруць. Прыклад жа ёсць», – дадае Ніна Багінская.

Але ёсць прыклад не толькі ціску на актывістаў з боку ўладаў, але і салідарнасці, якая ўзнікае ў адказ на рэпрэсіі. У інтэрнэце абвесцілі збор сродкаў, каб набыць новую пральную машыну і мікрахвалёўку для ветэранкі вулічных пратэстаў.

«Ніна Багінская – гэта сапраўдная беларуска, яна нашая каштоўнасць, таму мы мусім скласціся ўсім светам і паказаць уладзе, што мы гэтага чалавека не здамо на канфіскацыю», – мяркуе грамадская актывістка Вольга Мікалайчык.

У мітынгах Ніна Багінская бярэ ўдзел яшчэ з першых Дзядоў у 1988 годзе. На ўсе акцыі яна прыходзіць з бел-чырвона-белаю сімволікаю, якую шые ўласнаручна. За амаль тры дзесяцігоддзі гэтая маленькая кабета з вялікім сцягам і з вялікай ідэяй зрабілася сапраўдным сімвалам супраціву.

«Я лічу, што сумленны чалавек, які не баіцца і не крадзе і не гадзіць зямлю, якая яго корміць ён будзе жыць і карыстацца гэтымі дабротамі, а злыя людзі, яны самі сябе зʼядуць, хаця і забіраюць маю пенсію», – падсумоваўе спадарыня Ніна.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў