Вось чаму Пуцін ходзіць па гарах, а Лукашэнка збірае бульбу з дзеўчынамі


Бяззменны кіраўнік Беларусі з уласных палеткаў з дапамогаю эскорту прывабных дзяўчат назбіраў ажно шэсцьдзесят тонаў бульбы. А нашым усходнім суседзям без папярэджання паказалі новую гадзінную праграму Уладзіміра Салаўёва «Масква. Крэмль. Пуцін». Крэмль збіраецца ўсур’ёз узяцца за прапаганду. Чаму яны гэта робяць і што аб’ядноўвае беларускі ды расейскі прапагандысцкія ўгары?

Практычна ўся праграма «Масква. Крэмль. Пуцін», якой не толькі не рэкламавалі, але і не змясцілі ў тыднёвую праграму, прысвечаная не расейскай сталіцы і не Крамлю, а расейскаму лідару. Паводле адмыслоўцаў, прадукт зроблены, як кажуць, «на каленцы».

«Я думаю, што спяшаліся, бо была гэтая летняя паўза, эліты асэнсоўвалі эфект ад пенсійнай рэформы – эфект, які склаўся пасля выбараў: ніякага ўздыму настрояў, наадварот, аптымізм змяніўся песімізмам. Трохі стрымаў гэтую песімістычную хвалю чэмпіянат свету па футболе, трэба было штосьці адказваць з нагоды пенсійнае рэформы», – мяркуе Андрэй Калеснікаў з Маскоўскага цэнтру Карнегі.

Адказваць трэба, бо паводле жнівеньскага даследавання фонду «Грамадская думка», за Уладзіміра Пуціна ў выпадку раптоўных выбараў прагаласавала б каля 45 % электарату, што на 30 % менш за ягоны сакавіцкі вынік. Ратаваць сітуацыю спачатку давялося самой зацікаўленай асобе.

«Яшчэ раз падкрэслю: нам давядзецца прыняць цяжкое, няпростае, але неабходнае рашэнне. Прашу вас паставіцца да гэтага з разуменнем», – казаў Уладзімір Пуцін.

Відавочна, гэтага не хапіла. І за справу ўзяліся прафесіяналы. У новай прапагандысцкай праграме паведамляюць: «Бачна, як Пуцін любіць дзяцей, у яго вось такое чалавечнае, шчырае стаўленне да іх – гэтага немагчыма падрабіць. Ведаеце, Пуцін увогуле любіць людзей, ён увогуле вельмі чалавечны чалавек».

Любоў да дзяцей шмат каму з назіральнікаў нагадала іншага гаспадара Крамля, чыя прапаганда была на падобным узроўні.

Праблема з такою прапагандай – не перабольшыць і не надаць любімаму лідару звышнатуральных здольнасцяў.

– Ну, вы самыя ўявіце: што, мядзведзь – дурань? Калі Пуціна пабачыць, ён жа сябе будзе прыстойна паводзіць, – пажартаваў у новай праграме кіраўнік прэс-службы Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пескаў.

– Ніякіх сумневаў», – адказаў яму Уладзімір Салаўёў.

Добрая палова размовы з прэс-сакратаром прэзідэнта прысвечаная неверагодным фізічным здольнасцям Уладзіміра Пуціна і ягоным стасункам з навакольнаю прыродай.

«Пуцін там даволі жывы, асабліва ў той частцы, дзе ён падарожнічае па Туве, але разам з гэтым – ён боства, якое кіруе светам, і яму проста розныя дробныя амерыканцы і англічане перашкаджаюць», – адзначае Андрэй Калеснікаў.

Але пытанне ў тым, хто паверыць у такое пасланне. Гэта ў брэжнеўскія часы не было сеціва і крытычнае меркаванне калі і выказвалася, то на савецкіх кухнях. Не тое што цяпер.

Колькасць гледачоў «YouTube’у», якім не спадабалася праграма, амаль у 10 разоў большая, чым тых, каму спадабалася.

З інтэрнэтам у Расеі змагацца ўжо спрабуюць. Замацуе поспехі тэлевізійнай прапаганды новае ведамства Міністэрства абароны. Галоўнае ваенна-палітычнае ўпраўленне пад кіраўніцтвам Сяргея Шайгу кажа наўпрост, што будзе займацца контрпрапагандаю.

«У войску, у адрозненне ад свецкага жыцця, доступ да сеціва моцна абмежаваны. І большасць інфармацыі прыходзіць праз дазволеныя каналы. І калі папрацаваць у патрэбным кірунку, калі абмежаваць доступ да сеціва яшчэ больш, то атрымліваецца, што Расея мае вялікую колькасць людзей, якія атрымліваюць патрэбную інфармацыю ў патрэбны момант і з патрэбнымі акцэнтамі», – кажа беларуская даследніца прапаганды Вольга Харламава.

Цэлае ведамства прапаганды ў адным толькі войску. Штотыднёвыя праграмы, прысвечаныя сапраўднаму культу асобы расейскага лідара, глядзяць і… у Беларусі. У нас горных масіваў няма, і замест доўгіх шпацыраў гледачам дэманструюць аграрныя поспехі Лукашэнкі. Дый больш паказваюць дзявочае атачэнне Лукашэнкі, чым яго самога і бульбу.

«Лукашэнка губляе сваю прывабнасць. Людзі ўсё менш і менш цікавяцца самім Лукашэнкам. І таму не выпадкова ў кадры з’явіліся маладыя прыгожыя дзяўчаты: менавіта дзякуючы ім Лукашэнка і прыцягвае ўвагу да сваёй асобы, каб заставацца ў цэнтры інфармацыйнай увагі», – лічыць палітык Анатоль Лябедзька.

Не толькі беларускі афіцыйны лідар, але і ўся дзяржаўная прапаганда выглядае слаба ў параўнанні з расейскім прадуктам.

«Ну, а мы гэты прадукт атрымліваем. Мы ад яго ня можам сысці. Бо тыя грошы, якія ўкладае Расея, мы нават блізка не можам паказаць. Нам супрацьпаставіць ні фільмам, ні серыялам няма чаго. Таму ўсё, што застаецца, – гэта проста адключаць», – адзначае Вольга Харламава.

А як адключыць? Мала таго, што замяніць няма чым, дык у Крамлі не зразумеюць. Ды наўрад ці дазволяць.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет»:

Іншыя тэмы праграмы:

«Першую скрыпку грае Расея». Вялікія вучэнні ў Беларусі каментуе Аляксандр Алесін

«Цюльпан», «Пірат» ці «Спайк». Танна і бяспечна знішчыць расейскую браню

Глядзі таксама
Каментары