«Крамбамбуля» ды Міхалок выступяць у Варшаве. Будзе візавае падтрыманне

video

5 лістапада ў самым вялікім клубе ў Варшаве «Progresja» адгрыміць фестываль «Партызан-Рок» з удзелам гуртоў «Brutto&Lyapis», «Dzieciuki», «Hańbuki»ды «Крамбамбуля». Каманды раней ніколі не выступалі на адной сцэне такім складам.

Арганізатары абяцаюць, што візы ў Варшаву для гасцей фестывалю з Беларусі будуць адкрывацца бясплатна на чатыры дні – з 4 па 7 лістапада.

«Brutto&Lyapis» – беларуска-ўкраінская брыгада на чале з Сяргеем Міхалком прайшла з канцэртамі па ўсёй Украіне, Літве, Польшчы і не збіраецца спыняцца на дасягнутым – у планах гурта восенню – выступ у ЗША і Канадзе. Іх нястомныя творчыя пасылы бʼюць проста ў сэрца, а ідэі – простыя і зразумелыя кожнаму.


«Dzieciuki» – калектыў з Горадні, майстры забойнага вясёлага фолк-панку, якія спяваюць на мове. Большая частка тэкстаў песень прасякнутая антысаветчынай і прысвечана беларускім героям – паўстанцам розных часоў. Для «Дзецюкоў» важна распавядаць пра гісторыю сваёй краіны, падтрымліваць яе культуру і мову – не на словах, а на справе.


«Крамбамбуля» – мастадонты беларускай сцэны ў мінулым годзе выпусцілі апошні альбом, і, як сапраўдныя партызаны пайшлі ў лес, далучыўшыся да партызанскага рок-атраду фестывалю. Лявон Вольскі – заснавальнік гурта, музыка, мастак – сапраўдны сімвал свабоднай Беларусі.


«Hańbuki» – супольны праект двух гуртоў – маладога польскага – «Hańbа» і беларускай каманды «Dzieciuki». «Hańbа» – панк-фолк калектыў музыкаў, якія паважаюць літаратуру міжваеннага перыяду, сваймі мелодыямі нібы пераносіць слухачоў іх творчасці ў мінулае, у 30-ыя гады, у закуткі Кракава, дзе грае гармонік, дзе танчаць простыя людзі, моцныя, сумленныя, працавітыя, якія будуюць новае жыццё. Цяпер «Hańbuki» працуюць над вялікай канцэртнай праграмай і беларуска-польскім альбомам.

Падрабязную інфармацыю пра ўмовы візавага падтрымання можна знайсці на старонцы арганізатараў канцэрту.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары