Вольга Сцяпанава, якую асудзілі за хатнія роды, падала апеляцыю на судовы вырак


Жанчына, якую прызналі вінаватай у смерці праз неасцярожнасць, будзе абскарджваць прысуд. Вольга Сцяпанава плануе, што судовае пасяджэнне адбудзецца ў канцы лістапада.

7 верасня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў 31-гадовай жанчыне шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах.

Колькасць подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем апраўдаць Вольгу і прызнаць за жанчынамі права самім вызначаць, дзе і як нараджаць, наблізілася ўжо да 48 тысячаў.

19 верасня жанчына звярнулася і падзякавала тым, хто яе падтрымаў.

«Пішу Вам, каб паведаміць, што падала апеляцыйную скаргу ў Абласны суд Віцебску на абвінаваўчы прысуд…

Рашэнне аб падачы скаргі далося мне нялёгка, бо вельмі вялікае было жаданне хутчэй разабрацца з усім гэтым абсурдам, забыць усё, як страшны сон, і жыць далей…», – напісала жанчына.

Яна адзначыла, што вызначыцца з такім рашэннем ёй дапамог праваабаронца.

«Ён звярнуў маю ўвагу на тое, што адсутнасць скаргі азначае поўную згоду з абвінаваўчым прысудам і фактычнае прызнанне сваёй віны. І на тое, што яшчэ паўтара месяца пад падпіскай у святле ўсяго ўжо таго, што адбылося не так і шмат», – піша Вольга.

***

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды. Жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Трагічнае здарэнне адбылося ў лютым 2017 года. Вольга прыехала ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга да маці, каб нарадзіць дзіця. Яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо нараджала першую дачку таксама ўдома. Другая дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, наглыталася каляплодных водаў. Медыкі з «хуткай» і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць дзіця.

Больш пра гісторыю чытайце ў нашым матэрыяле: Жанчына нарадзіла ў кватэры. Дзіця памерла ў больніцы. Маці знаходзіцца ў СІЗА 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў