Вольга Абрамава: Выбарчая кампанія паказала крызіс даверу да ўладаў Беларусі


Палітолаг Павел Усаў і былая дэпутатка Вольга Абрамава пракаментавалі парламенцкія выбары.

«Выбараў няма, апазіцыя дадала кампаніі легітымнасць»

Павел Усаў кажа, што выбараў у Беларусі няма.

«Гэтая кампанія, якая праводзілася ў сённяшнім годзе, яна абсалютна пафасная, фарсавая. Канешне, апазіцыя дадала гэтай кампаніі пэўную легітымнасць, правяла пэўную такую гульню. Тым самым кампанія ў вачах Захаду зрабілася такой шэрай – такой яна магла б стаць, калі б апазіцыя байкатавала гэтыя выбары», – заявіў палітолаг у эфіры «Белсату».

«Апазіцыя правяла даволі паспяховую кампанію»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га склікання Вольга Абрамава кажа, што сёлетняя кампанія мае дзіўныя вынікі.

«Гэтая кампанія вонкава выглядала даволі сумна, але на самой справе яна мае дзіўныя вынікі. Я, па шчырасці, не чакала такіх вынікаў так хутка, хаця ў прынцыпе яны прагназаваліся. Гэтая кампанія паказала пачатак крызісу даверу да ўладаў у Беларусі. Афіцыйныя лічбы, якія агучваюць, не адпавядаюць таму, што рэальна адбывалася на выбарных участках у асноўны дзень галасавання. Тое ж лічыцца і датэрміновага галасавання.

Апазіцыя правяла, нягледзячы на вонкава невыразны малюнак дзеянняў, за выключэннем невялікіх элементаў, даволі паспяховую кампанію.

Калі глядзець не з пункту гледжання праходжання ў Палату прадстаўнікоў, а з пункту гледжання тых мэтаў, якія ставіліся. І адначасова вылучаліся два атрады ўнутры апазіцыі. Частка разлічвала на пэўны вынік, спадзявалася на лібералізацыю і на праходжанне хаця б кагосьці ў Палату прадстаўнікоў. А частка абсалютна выразна, не кажучы слова «байкот», працавала на дэлігімітызацыю выбараў і на максімальную адчужэнне выбарнікаў ад выбарнага працэсу. Што ў значнай ступені атрымалася зрабіць», – адзначыла былая дэпутатка.

Стужка навінаў