Войску перадалі найноўшыя комплексы «Паланэз»


На ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады ў Асіповічах паступіў комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Паланэз». У Мінабароны сцвярджаюць, што галоўныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі РСЗА «Паланэз» адпавядаюць найлепшым узорам замежных сістэм рэактыўнай артылерыі.

Зброя стрымлівання

«На ўзбраенне беларускай арміі прымаецца баявая сістэма, якая дасць магчымасць значна павысіць баявыя магчымасці ракетных войскаў і артылерыі ў прыватнасці і абарончыя магчымасці дзяржавы ў цэлым, – гаворыцца ў паведамленні Мінабароны. – Прыняцце новых узораў узбраення зʼяўляецца адным з элементаў стратэгічнага стрымлівання. Рэактыўныя сістэмы залпавага агню зʼяўляюцца найбольш магутным сродкам агнявога падтрымання наземных груповак войскаў».

Згодна са звесткамі распрацоўнікаў, адна баявая машына гэтай сістэмы здольная адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на далёкасці ад 50 да 200 км, прычым адхіленне ад зададзеных каардынатаў на максімальнай далёкасці стральбы не перавышае 30 м.

Гэта дасягаецца тым, што кожнай з васьмі ракет баявой машыны можа быць зададзенае асобнае палётнай заданне. Гэта значыць залпам накрываюцца адразу восем індывідуальных цэляў. Ухіліцца ад удару практычна немагчыма.

Ці атырмаецца гандляваць «Паланэзамі»?

Афіцыйны Менск не хаваў, што сістэмы «Паланэз» прызначаныя не толькі для ўзмацнення ўласнага войска, але і могуць стаць важкаю часткаю ў арсенале, які Беларусь выстаўляе на продаж.

«Беларусь цяпер прапаноўвае высокатэхналагічныя інавацыйныя ўзбраенні. Гэта сродкі радыёэлектроннай барацьбы, сродкі радыёлакацыі, сродкі сувязі, беспілотныя авіяцыйныя сродкі, якія дазваляюць весці выведку ў рэжыме рэальнага часу. Цяпер гэта і ракетныя сістэмы. Не сакрэт, што наш міністр абароны сказаў, што мы будзем прадаваць сістэмы «Паланэз», бо нам самім шмат не трэба, а на сусветным рынку існуе сурёзны попыт, – сказаў у інтэрвʼю «Белсату» вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. – Тыя краіны, якія не хочуць патрапіць у залежнасць ад Расеі ды ЗША. Тут мы з Расеяй нават канкуруем, і Расея выказвае незадаволенасць тым, што Беларусь перабягае ёй дарогу. Але ўлічвае маштаб Расеі і яе ўплыў, беларусы змушаныя браць пад увагу яе інтарэсы на сусветным рынку зброі».

Адначасова з гэтым у ліпені стала вядома, што Міністэрства фінансаў ЗША памясціла ў чорны спіс дзяржаўны канцэрн «Белзнешпрамсэрвіс», які займаецца экспартам і мадэрнізацыяй узбраенняў. Паводле амерыканскага ўраду, кампанія падазраецца ў пастаўках Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі забароненых тэхналогіяў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці зброі масавага паражэння і ракетнай тэхнікі.

БелаПАН / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў