ВМФ РФ: радыёабмен лётчыкаў ЗША і Расеі – даніна традыцыі часоў халоднай вайны


Такім чынам ананімная крыніца lenta.ru у ВМФ РФ пракаментавала інцыдэнт, які адбыўся 4 ліпеня 2015 года, калі стратэгічныя бамбавальнікі Ту-95 наблізіліся да ўзбярэжжа Каліфорніі.

Паводле суразмоўцы інтэрнэт-выдання, такія радыёабмены з’яўляюцца звычайнай практыкай. «Гэта ўсё пачалося яшчэ ў 40-я гады, калі нашыя знішчальнікі сустракалі каля ўзбярэжжа іх Б-29 і Б-50, а нашыя Ту-4 ляталі ў бок Грэнландыі і Аляскі. Ва ўсякім выпадку, старэйшае пакаленне лётчыкаў перыядычна ўзгадвае падобныя эпізоды, нягледзячы на ​​тое што фармальна такі абмен быў забаронены» – адзначыла ананімная крыніца. «Складана ўтрымацца ад таго, каб загаварыць з чалавекам, які цябе суправаджае, седзячы ў сваім самалёце, часам шмат гадзінаў запар» – дадаў ён.

Як паведаміла тэлекампанія CNN, 4 ліпеня 2015 пілот аднаго з ракетаносцаў Ту-95, які наблізіўся да каліфарнійскага ўзбярэжжа, павіншаваў амерыканскіх калегаў з Днём Незалежнасці. Выданне «Washington Free Beacon» са спасылкай на ваенныя крыніцы паведаміла, што віншаванне мела пагрозлівы характар.

Паведамленне на англійскай мове гучала як «Good morning American pilots, we are here to greet you on your Fourth of July Independence Day» («Добрай раніцы, амерыканскія лётчыкі! Мы тут, каб павіншаваць вас з Днём Незалежнасці 4 ліпеня»).

Паводле прадстаўнікоў Міністэрства абароны ЗША, два расейскія стратэгічныя бамбавальнікі, якія могуць несці ядравыя зарады, наблізіліся на адлегласць усяго 62 кіламетры ад узбярэжжа Каліфорніі. У той жа дзень бамбавальнікі Ту-95 былі заўважаныя паблізу Аляскі. У Міністэрстве абароны ЗША называюць такія захады «бразганнем зброяй» ды ўзгадваюць, што не першы раз Расея такім чынам «віншуе» амерыканцаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў