Візіт мітрапаліта Кандрусевіча на малую радзіму: без картэжаў, аховы і «пантоў»


У першыя дні пасля Вялікадня Тадэвуш Кандрусевіч наведаў родны Адэльск.

Адэльск знаходзіцца каля самай мяжы з Польшчай, ад Горадні сюды ехаць хвілін трыццаць. У мястэчка вядзе бетонная дарога, у некаторых месцах прыкрытая асфальтам. Некалі яна мела вайсковае прызначэнне. Цяпер тут зрэдку ўбачыш сустрэчную машыну, хутчэй трактар або кардон памежнікаў на ўзбочыне.

Зрабіць матэрыял пра Адэльск у кантэксце «малой радзімы» рыма-каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча хацелася даўно. А тут яшчэ мясцовы ксёндз Віталь Ураноўскі патэлефанаваў, маўляў, арцыбіскуп прыязджае, каб адслужыць імшу. Вядома, едзем.

Па праўдзе, на пачатак імшы спазніліся, таму ўжо ў дарозе пачуваліся няёмка: сотні людзей, як зойдзем, ці дазволяць здымаць? Але тое, што пабачылі, уразіла. На падворку драўлянага касцёлу Ушэсця дзевы Марыі нічога не выдавала прысутнасці мітрапаліта. Дзе машыны? Ачапленне? Адно бабулькі шэпчуцца на ўваходзе ды каты цешацца веснавому сонцу на касцельным паркане.

Заходзім. Унутры за лавамі чалавек дваццаць-трыццаць, службу праводзіць арцыбіскуп. Тут ён служыць і чытае казанне па-польску: такая тут касцельная традыцыя. У казанні кажа пра тэракты ў Еўропе і выклікі часу. Большасць прысутных прыхаджанаў – жанчыны сталага веку. Усё слушна, гэта ж ранак будняга дня, усе на працы.

Ксёндз Віталь папярэджваў у тэлефоннай размове, што мітрапаліт не будзе размаўляць з прэсай, ды і прыезд гэты – не публічны і не медыйны. Асабісты. Арцыбіскуп прыехаў адслужыць імшу для сваіх землякоў – няхай для двух дзясяткаў.

Наагул, 500-гадовае мястэчка выклікае замілаванне: каменны крыж на ўездзе, акуратныя падворкі, прыбраныя пасля зімы, драўляны касцёл часоў ВКЛ, статуя святога Антонія, патрона Адэльску. Калі не ведаць кантэксту, то лёгка трапіць у лінгвістычную пастку і ламаць сабе галаву: Хто такі святы «Антанег»? Менавіта так, на польскі манер, мясцовыя вымаўляюць імя святога ў родным склоне: касцёл «свентэга Антанега»… Вельмі атмасферна.

Па службе людзі разыходзяцца, мітрапаліт са святарамі ідзе спачатку на сняданак да ксёндза Віталя. Пазней – едзе на бульбяную бабку да сваёй сястры, якая жыве тут, у Адэльску: мястэчку, у якім нараджаюцца мітрапаліты.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў