Віцябляне пратэстуюць супраць пабудовы царквы


[vc_row][vc_column][vc_column_text]«Накіпела», – кажуць людзі.

У Віцебску ўвечары адбылася стыхійная акцыя пратэсту, якой улады не змаглі перашкодзіць. Людзі сабраліся ля будаўнічай пляцоўкі, дзе збіраюцца ставіць Сафійскі сабор. Пакуль гэта яшчэ – сквер Партызанскай славы.

«Хай улады, калі маюць грошы, лепш адновяць Мікалаеўскі сабор або добраўпарадкуюць парк», – кажуць жыхары Віцебску.

Мясцовыя жыхары патрабуюць захаваць парк і не будаваць царкву. У адваротным выпадку віцябляне пагражаюць уладам, што «стануць грудзямі за ветэранаў-партызан».

«Я лічу, што Віцебску менавіта тут праваслаўны храм непатрэбен, бо ёсць паблізу адзін ля батанічнага сада, ёсць касцёл, царква адвентыстаў. Людзям больш патрэбны парк, каб дыхаць паветрам, выгульваць сабак. Навошта нам тут яшчэ адзін тыпавы храм Маскоўскага патрыярхату?», – кажа віцяблянін у размове з «Белсатам».

Насуперак меркаванню гараджанаў улады не адмаўляюцца ад будоўлі на месцы парку Партызанскай славы Сафійскага сабору. Гэта мусіць быць копія сабору ў Полацку, пабудаванага ў 11 стагоддзі.

«Я прыйшла сюды, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю супраць знішчэння цудоўнага парку. Я лічу, што

нашаму гораду бракуе дрэў. Нам патрэбна як мага больш зялёных зон, дзе можна было б гуляць з дзецьмі. А таксама ў горадзе няма зон для выгулу сабак – хай бы выдзелілі такую ў парку», – кажа жанчына.

Гісторыкі кажуць, што ніхто не ведае, як выглядала царква тысячу гадоў таму. А таксама звяртаюць увагу на недарэчнасць будаўніцтва полацкага сабору ў Віцебску.

Максім Кот

Стужка навінаў