Віцяблянін атрымаў штраф за тое, што спрабаваў жыўцом закапаць шчанюкоў


За жорсткае абыходжанне з жывёлінамі суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў мужчыну на 460 рублёў.

Жыхар Віцебска 22 чэрвеня адзначаў дзень нараджэння. З самай раніцы да яго прыходзілі сябры з алкаголем, пішуць «Віцьбічы». Нараджэнне шасці шчанюкоў ён заўважыў толькі пад вечар.

Гаспадар пасадзіў іх у мех і пайшоў у двор, дзе выкапаў яму каля плота і пачаў кідаць туды шчанюкоў. Побач каля дома зʼявіліся дзеці. Яны зацікавіліся, што ён робіць. Імяніннік груба ім адказаў. Дзеці вырашылі не звязвацца з п’яным мужчынам і выклікалі міліцыю.

На месца прыехаў АМАП, мужчыну забралі ў РАУС. Узровень алкаголю ў крыві затрыманага складаў 3,29 праміле – гэта моцная ступень апʼянення.

Мужчына адмаўляў, што біў шчанюкоў лапатай, як казалі падлеткі, але прызнаўся, што хацеў закапаць іх. На суд ён не прыйшоў, хоць атрымаў паведамленне.

За жорсткае абыходжанне з чатырохногім у Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу і крымінальная – да 1 года пазбаўлення волі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў