Віцебскія ўлады прагнуць элітных аўтаў


 Пасадоўцы віцебскай вобласці зацікавіліся красоверам «Peugeot 3008». У лютым полацкі райвыканкам абвесціў тэндэр на гэтае аўта – і быў гатовы заплаціць Br 370 млн. У сеціве паднялася хваля абурэння, сотні грамадзянаў падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем выдаткаваць дзяржаўныя грошы больш рацыянальна. Пакупку адмянілі, а сёння тое ж аўта, у даражэйшай камплектацыі – Br 370 млн – хоча набыць «Віцебскаўтадор». На прадпрыемстве падкрэсліваюць – набываюць за ўласныя сродкі.

«Гэта ёсць сродкі бюджэтныя і гэта ня ёсць прыватная кантора. І зразумела, што аўтадору трэба штосьці казаць у адказ на ўсе гэтыя абвінавачанні. Можа гэтыя сродкі гарадскія, ці абласныя, але не мае розніцы – якія б гэта грошы не былі – гэта грошы дзяржаўныя», – зазначае Вольга Карач, былая дэпутатка віцебскага гарсавету.

Віцебская вобласць мае багатую гісторыю спрэчных дзяржаўных закупак. Пры чым раней чыноўнікі не саромеліся купляць дарагія аўты за бюджэтныя грошы. Так толькі ў 2013 – так званы год ашчаднасці, віцебскія дзяржаўныя структуры выставілі тэндэраў больш, як на $ 100 тыс. А толькі летась у лістападзе рэдакцыя газет «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск» збіралася набыць сабе Фольксваген за Br 620 млн. Мы запыталі ў жыхароў Віцебску, што яны думаюць пра гэткую дэманстрацыю чыноўніцкага статусу.

«Ну і дзякуй Богу, калі ў кагосьці ў нас ёсць магчымасць штосьці набываць, дзякуй Богу, я чалавек незайздросны», – кажа жанчына.

«Можа яны лічаць, што яны занадта добрыя эканамісты і могуць сабе такое дазволіць? Ня ведаю – хіба трэба трохі паціснуцца. Не толькі ж нам з вамі зацягваць паясы», – мяркуе мінак.

«Ніхто не кантралюе іх, вось і набываюць усё што хочуць. Ёсць жа і таннейшыя машыны, якія можна набываць – вунь, у Расеі ўсталявалі ліміт на пэўную суму і тут павінны так жа зрабіць», – упэўнены мужчына.

Летась група маладых чальцоў Абʼяднанай грамадзянскай партыі прапаноўвала перасадзіць айчынных чыноўнікаў на беларуска-кітайскія аўта Джылі. Петыцыю, што набрала больш за 16 тысяч подпісаў – ва ўрадзе адкінулі. Два гады таму, калі старшынёй віцебскага аблвыканкаму быў Аляксандр Косінец – цяпер кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, аўтапарк структуры складаўся з такіх аўтаў, як Аudi А8, тры Tоyota Land Cruiser па два Volkswagen-ы Touareg і Toyota Avensis. Толькі штогадовы поліс Каско для аўдзі Касінца каштаваў $ 10 тыс.

«Віцебскія чыноўнікі – яны памятаюць, пра тое, што вось зараз спадар Косінец займае такую вялікую пасаду – там правая, ці левая рука Аляксандра Рыгоравіча. Яны лічаць, што на іх усе гэтыя там заўвагі пра тое, што трэба ашчаджаць, што трэба апетыты зменшыць – гэта на іх не распаўсюджваецца», – падсумоўвае Вольга Карач.

Натуральна, дарагія тэндэры на аўты зʼяўляюцца ня толькі ў Віцебскай вобласці, аднак вотчына дзеючага кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі можа пахваліцца самымі шыкоўнымі апетытамі на прадстаўнічыя аўтамабілі

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў