Віцэ-прэмʼер Жарко: Мы павінны думаць пра здароўе дзяцей, але 9:00 лічу аптымальным часам для пачатку заняткаў


У каментары тэлеканалу АНТ былы міністр аховы здароўя пракаментаваў пытанне пачатку ўрокаў у школах.

«Што датычыць пачатку заняткаў з 9-й гадзіны, тут мусіць быць разуменне, якая мэта гэтага новаўвядзення. Бацькі пераследуюць сваю мэту, настаўнікі – сваю, мы ж павінны думаць перш за ўсё пра здароўе дзяцей. Дзіця малодшых класаў (з першага па чацвёрты) павінна адпачываць не менш за 10 гадзінаў у содні. Сон у дзіцяці сярэдніх класаў павінен быць не менш за дзевяць гадзінаў. Таму аптымальны час пачатку заняткаў – 9.00», – сказаў ён.

Чыноўнік таксама адзначыў, што фізіёлагі і педыятры пікам максімальнай актыўнасці дзіцяці лічаць 10-ую гадзіну раніцы. Гэтая актыўнасць доўжыцца да 14-й.

Паводле яго, ужо 82% школаў гатовыя перайсці на графік з 9:00.

«Гэта вясковыя школы і школы, якія працуюць у адну змену. Школы, якія працуюць у дзве змены, каб заняткі другой не сканчаліся ўначы, могуць пачынаць а 8:30. Гэта невялікая колькасць школ – 15-17%. І ёсць яшчэ 0,2-0,3% школ, якія могуць пачынаць у 8:00. Гэта школы з кругласутачным знаходжаннем, спартыўныя школы і кадэцкія вучылішчы», – адзначыў чыноўнік.

21 красавіка падчас выступу перад парламентам Лукашэнка паскардзіўся, што Коля не высыпаецца.  12 траўня ён даручыў перагледзець графік працы школаў і загадаў «раней за 9 гадзінаў урокаў не пачынаць».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў