Вітальд Вашчыкоўскі: З «Белсатам» усё будзе добра


У размове з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі міністр Вашчыкоўскі паабяцаў, што Польшча працягне падтрымліваць беларускія праекты.

Падчас двухдзённага візіту ў Беларусь міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваймі ўражаннямі з нашым тэлеканам, падаем іхныя словы.

Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху «За свабоду»:

Я чакаў такой прамовы, якая сёння была. Думаю, што яна была ўзважаная. З аднаго боку «акно магчымасцяў» на інтэграцыю ў еўрапейскія працэсы для Беларусі трэба захаваць. Ізаляцыя Беларусі – гэта кепска, і гэта не можа быць гульнёй, бо на кану незалежнасць дзяржавы. А з іншага боку ён казаў пра каштоўнасці, пра правы чалавека. І я ведаю, што так яны і зробяць, бо для «Права і справядлівасці» (PiS) гэта важна, гэта партыя каштоўнасцяў. І думаю, гэты баланс дае шанец Беларусі не на тое, што яна заўтра ўступіць у Еўразвяз, гэта доўгі працэс, але на тое, каб развівацца грамадзянскай супольнасці, бо ўлады асцярожныя, калі ёсць дыялог. Акрамя таго, калі ў нас больш магчымасцяў, мы больш уплываем на грамадства. Мы хочам, каб грамадства было больш праеўрапейскім, а не пракамуністычным, каб яно не хацела вяртацца ў СССР. І таму прамова Вітальда Вашчыкоўскага акурат дала надзею, што будзе такая палітыка, я ў гэта веру. Па-другое, мы калі з ім сустрэліся, мы проста сказалі, што добра, што ён зрабіў гэты візіт. Гэта працягнутая рука, гэта не здрада прынцыпам, гэта прапанова на супрацу.

Мы казалі пра тое, што вельмі важныя праграмы доўгатэрміновыя, як «Белсат», «Радыё Рацыя», Праграма Каліноўскага. Трэба іх захаваць і развіваць, бо яны адыгрываюць вялікую ролю ў Беларусі. Міністр пагадзіўся і сказаў: «Ніколі не кранем, усё будзе добра».

Для нас гэта важна. Я думаю, што новым людзям не так лёгка адразу распрацаваць сурёзную стратэгію, але новыя людзі – гэта новы погляд. Польшча ва ўсе часы, незалежна ад таго «Грамадзянская платформа» ці «Права і справядлівасць», – яны размаўлялі адным голасам адносна Беларусі. Важна, каб не было выкарыстання нашай тэмы для ўнутранай барацьбы. Маю надзею, што так і будзе, мы будзем спрыяць гэтаму. Для нас самае галоўнае, каб у нас заставаўся шанец на Еўропу і незалежнасць.

Я не веру ў тое, што беларускія ўлады стануць дэмакратычнымі і еўрапейскімі. Шмат якія людзі ва ўладзе маюць яшчэ савецкія комплексы: яны не разумеюць Захаду, яны не разумеюць, на што правы чалавека. Правы чалавека для шмат якіх гэта проста добра паесці і каб было, дзе спаць. Трэба вучыцца гэтаму. Але калі іх закрыць, то яны заўсёды такімі будуць. Канешне, трэба дамагацца свабодных выбараў, трэба дамагацца дыскусіі ў грамадстве, каб была канкурэнцыя ідэяў. Але на гэта патрэбны час. І міністр Вашчыкоўскі сказаў вельмі важную фразу: «І свет не ў адзін дзень будаваўся». Як вядома, сем дзён будаваўся. Але тут нават трошкі даўжэй. Калі агульнымі намаганнямі, то ёсць шанец.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

Я чакаў добрага ад гэтай сустрэчы, але дачакаўся яшчэ лепшага. Мае пытанні былі вельмі простыя: ці працягне Польшча адукацыйныя і масмедыйныя праграмы для Беларусі? І атрымаў адназначны адказ: праграмы будуць працягвацца. Ну я сказаў, што мы б хацелі, каб дапамога была большай, на што міністр сказаў: «Калі адшукаем сродкі, можа, будзе і большая».

Сам выступ міністра быў такім, што ў мяне знік шэраг пытанняў, якія я хацеў задаць. Ён сказаў, як яны ставяцца да Беларусі. Гэта звычайны еўрапейскі падыход. І што адрознівае палякаў ад іншых чальцоў ЕЗ? Яны добра разумеюць, што ў нас адбываецца. Яны самі гэта перажылі.

Іх (палякаў) толькі крышку здзіўляе, што мы неяк не паладзім паміж сабой. Гэта яшчэ адзін імпульс, каб паспрабаваць растлумачыць нашым «героям», якія хочуць сябе паказаць, што лепей паказваць разам усіх.

І лепей пашукаць маладога энергічнага прыстойнага чалавека, якому б можна было даверыць гэтае кіраўніцтва. Бо ад старэчы папахвае нечым старамодным. Калі будзем у гэтым кірунку дзейнічаць, думаю, што хутка прыйдзем да добрага жыцця.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:

Тое, што адбылася сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і з апазіцыйнымі палітыкамі – гэта сігнал, які польская дзяржава накіроўвае ў бок беларускай грамадзянскай супольнасці. Ён заключаецца ў тым, што нашыя праблемы не застаюцца забытымі, нягледзячы на тое, што адбываецца сустрэча з уладамі. Гэта чарговая спроба пасля даволі доўгай васьмігадовай паўзы. Як я разумею, польскія ўлады не ставяць перад сабой вялікіх нейкіх мэтаў.

Вось і сёння спадар міністр гаварыў пра тое, што іх мэты дастаткова прагматычныя мэты, але накіраваныя на паляпшэнне стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю, паміж польскім грамадствам і беларускім. А як яно пойдзе, пабачым. Таму што ў нас, на жаль, тон у гэтых стасунках, як правіла, задаюць беларускія ўлады.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў