Вітальд Вашчыкоўскі: Польшча хоча быць пасярэднікам у збліжэнні Беларусі з НАТО

video

Паўночна-Атлантычны альянс адкрыты да супрацы з Беларуссю і бачыць пазітыўныя змены ў нашай краіне. Пра гэта ў час брыфінгу варшаўскага саміту НАТО заявіў, адказваючы на пытанне «Белсату», міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

ВІТАЛЬД ВАШЧЫКОЎСКІ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ПОЛЬШЧЫ:

«На працягу апошніх гадоў рознае было ў дачыненнях паміж Еўропай і НАТО з Беларуссю, але сёння сітуацыя змянілася. Мы заўважаем зацікаўленасць з боку Менску ў супрацы, і мы таксама выходзім насустрач гэтай зацікаўленасці. І тут Польшча асабліва хоча быць у ролі пасярэдніка, які б набліжаў Беларусь да супрацы з НАТО».

Афіцыйна нашая дзяржава, заціснутая паміж НАТО і Расеяй, і сапраўды выступае сёння, хутчэй, не ў ролі ваеннага хаўрусніка Крамля, але як міратворац ува ўсё больш напружаных стасунках паміж Захадам і Усходам. Напярэдадні варшаўскага саміту ў Рызе беларускі калега Вашчыкоўскага заявіў, што Беларусь не лічыць для сябе пагрозай павелічэнне кантынгенту Паўночна-Атлантычнага альянсу на яго ўсходніх рубяжах.

УЛАДЗІМІР МАКЕЙ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ:

«Мы можам зразумець логіку нашых партнёраў, чаму яны гэта робяць. Можам зразумець, хоць і не падтрымліваем гэтыя крокі. Мы не разглядаем гэтыя крокі як наўпроставую пагрозу нашай бяспецы. Мы разглядаем іх як пэўныя выклікі ў пэўнай сферы, на якія мы таксама павінны пэўным чынам адрэагаваць».

А таму найлепшае, што можна сёння зрабіць, цвердзіць афіцыйны Менск – гэта наладзіць дыялог літаральна ўсіх з усімі. Лепш усё-ткі дамаўляцца, як гавораць беларусы, – абы не было вайны!

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Не варта апасацца ані тых, ані гэтых. Трэба жыць у міры з усімі і выбудоўваць стасункі».
«Сучасная Расея пры гэтым рэжыме – гэта вайна. Таму трэба клапаціцца аб незалежнасці нашай краіны ад расейскай стараны».
«Трэба апасацца НАТО. І таму што Расея – ісконна нашыя браты! А НАТО – ворагі!»
«Трэба сябраваць і з тамі, і з тымі – менш праблемаў будзе!»
«Для Расеі патрэбны толькі буфер – і ўсё, у прынцыпе. Дык навошта нам тыя расейскія войскі? І натаўскія нам не патрэбныя!»

Сябраваць – дык з усімі. Менск заявіў пра гатовасць не толькі падпісаць пагадненне ад партнёрстве і супрацы з Еўразвязам, але і нармалізаваць стасункі са Штатамі. Пра гэта днямі заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з амерыканскім дыпламатам Скотам Ролэндам.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Калі на гэта будзе добрая воля Злучаных Штатаў, мы развяжам якія заўгодна праблемы».

Між тым істотна палепшыць дачыненні з Захадам афіцыйны Менск без уліку крамлёўскіх інтарэсаў не можа: рукі літаральна звязаныя шматлікімі беларуска-расейскімі вайскова-палітычнымі пагадненнямі ды татальнай эканамічнай залежнасцю нашай краіны ад усходняга суседа, адзначае палітолаг Павел Усаў. І дадае: пры жаданні Крэмль можа і змусіць Беларусь да сяброўства толькі з ім.

ПАВЕЛ УСАЎ, ДОКТАР ПАЛІТЫЧНЫХ НАВУК:

«Можа не абмежавацца размяшчэннем дадатковай авіябазы. А могуць зʼявіцца ў Беларусі і іншыя вайсковыя кантынгенты, а таксама і адмысловыя сістэмы супрацьпаветранай абароны – да прыкладу, «Іскандэр»».

А гэта ўжо – непасрэдная пагроза не толькі Польшчы, але і НАТО агулам. А таму каб абы не было вайны, беларусам варта мацаваць уласную незалежнасць. Без чужых вайскоўцаў на сваёй зямлі.

Валер Руселік belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары