Вітальд Вашчыкоўскі: «Галоўная праблема – гэта мяжа»

photo

Міністр замежных справаў Польшчы наведаў Горадню. Каля помніка пісьменніцы Элізы Ажэшкі дыпламат урачыста ўсклаў вянок і адказаў на пытанні журналістаў датычна сваіх сустрэчаў у Менску. Наперадзе ў польскага міністра яшчэ візіт у Ваўкавыск, на радзіму яго продкаў.

Мяжа, Саюз Палякаў, вайна ва Ўкраіне

З Лукашэнкам мы размаўлялі каля гадзіны. Галоўная праблема, канечне, гэта мяжа, яе мадэрнізацыя, прывядзенне да рэалізацыя пытання аб малым памежным руху. Таксама мы размаўлялі пра палякаў, якія жывуць у Беларусі, як пашырыць іх магчымасці ў галіне адукацыі і культуры. Закранулі таксама пытанне развязання расейска-ўкраінскага канфлікту: Беларусь і Польшча ў бліжэйшай будучыні могуць быць аўтарамі чарговай мірнай ініцыятывы.

Тэракты ў Бруселі

Яшчэ учора мы размаўлялі са сп. Макеем аб тым, як кантраляваць мяжу належным чынам, каб не дайшло да яе нелегальнага перасячэння ў будучыні нейкай чарговай хваляй мігрантаў. Мы абодва спачуваем ахвярам учорашняга тэрарыстычнага нападу ў Бруселі.

Гісторыя аб’ядноўвае

Я звярнуў увагу прэзідэнта Лукашэнкі на тое, што абодва нашыя народы былі ахвярамі злачынстваў і тэрору. Таму нас гісторыя не падзяляе, а хутчэй аб’ядноўвае: беларусы і палякі сталі ахвярамі рэпрэсіяў з боку іншых. Таму ў нас няма гістарычных канфліктаў. Гэта ўсё можна пераказаць прафесійным гісторыкам, якія апішуць, занатуюць, пакажуць, а мы ўжо будзем разам шанаваць.

Макея запрашаюць у Варшаву

Я запрасіў міністра Макея наведаць Варшаву як мага хутчэй. Праз тры-чатыры месяцы сюды прыедзе таксама віцэ-прэм’ер Польшчы сп. Муравецкі. Ён будзе працягваць наш дыялог у галіне эканомікі.

Саюз палякаў у Беларусі

Не хачу ўскладаць на гэта вялікіх надзеяў, але мы дамовіліся сустрэцца яшчэ раз, каб пагутарыць аб тым, як аднавіць працу Саюзу палякаў у Беларусі. Але пакінем гэта дыпламатам і экспертам, якія ў цішыні сваіх кабінетаў змогуць падрыхтаваць варыянты для аднаўлення гэтай працы.

Я тутэйшы!

Асабістыя моманты яшчэ наперадзе [міністр мае на ўвазе паездку ў Ваўкавыск. – Заўв. belsat.eu]. З гэтай тэрыторыі паходзіць мая сям’я. Мая мама нарадзілася ў Ваўкавыску ў 1936 годзе.. Тут правяла першыя гады свайго жыцця, тут жылі і працавалі мае дзяды. Але пасля 1945 года ўсе былі пераселеныя ў Польшчу. Таму, можна сказаць, што я таксама «тутэйшы»!

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары