Віну НКУС за растрэлы палякаў у Катыні прызнаў увесь свет, акрамя… аўтараў беларускіх падручнікаў

photo

Аўтар «Гісторыі Беларусі» для 11 класу «нічога не ведае» пра існаванне дакументальных доказаў адказнасці чэкістаў за трагедыю.

Такія цікавыя звесткі знайшоў гісторык Зміцер Дрозд, выпадкова гартаючы агульнашкольны падручнік па роднай гісторыі. Аўтар кнігі – 77-гадовы доктар навук, прафесар Яўген Новік, у мінулым даследчык гісторыі Камсамолу. Расейскамоўны падручнік выдадзены адносна нядаўна, у 2009 годзе.

«Версія пра віну НКУС не мае дакументальных пацвярджэнняў»

staronka-pra-katyn

На с. 151 ідзецца пра трагедыю ў Катыні, пад Смаленскам, дзе органы НКУС расстрэльвалі палонных польскіх афіцэраў увесну 1940 году:

«Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і цяпер праз адсутнасць неабходных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі дакладна не ўстаноўлена, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў».

Далей аўтар мякка падводзіць да старой савецкай версіі, маўляў, ва ўсім вінаватыя немцы:

«У некаторых гістарычных даследаваннях сцвярджаецца, што «гэтае злачынства было здзейсненае органамі НКУС паводле рашэння Палітбюро ЦК ВКП(б)». На сённяшні дзень згаданая версія не мае дакументальных пацвярджэнняў. Другая версія – ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Нямеччынай у 1941 г».

Мільён старонак дакументальных доказаў

zmicier-drozd

Для даследчыка і архівіста Зміцера Дразда, які спецыялізуецца акурат на гісторыі ХІХ і ХХ стст., такое «адкравенне» апынулася сапраўдным шокам:

«Вядома, што яшчэ цягам Нюрнбергскага працэсу саветы спрабавалі спіхнуць адказнасць за Катынь на немцаў, але гэтыя дакументы не прайшлі – нічога не атрымалася. Таму ў выраку над нямецкімі вайсковымі злачынцамі гэты эпізод адсутнічаў. З часоў Гарбачова, а далей – пры Ельцыне, Пуціне, Мядзведзеве – ніхто з боку расейскіх уладаў не аспрэчваў савецкую адказнасць за тыя расстрэлы».

Яшчэ больш гісторыка здзівіла нібыта «адсутнасць дакумантаў» па Катынскай справе. Бо ў Польшчу з боку Расеі перададзены каля сямі дзясяткаў тамоў крымінальных справаў, што складае каля мільёну старонак дакументаў.

«Для гісторыкаў усяго свету пастаўленая кропка: польскіх афіцэраў расстрэльвалі НКУСаўцы, – працягвае Дрозд, – Пытанні засталіся, магчыма, у колькасці і датах, але сам факт бясспрэчны. Не ведаю, на што арыентаваўся аўтар падручніка, пішучы яўную няпраўду!»

«Трызненне ў стылі савецкіх падручнікаў 1950-х»

jauhien-novik

Зрэшты, гэта далёка не адзіны спрэчны момант у падручніку. Напрыклад, Новік піша пра «ўз’яднанне» Беларусі з Расеяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст., адзначаючы, што «…сярод народу жыла мара і памяць пра агульную дзяржаву…». Хоць «агульная дзяржава», нават калі такой лічыць Кіеўскую Русь, сышла ў нябыт за пяць стагоддзяў да гэтага.

Пра 1939 наагул напісана трагікамічна, маўляў, немцы ледзьве не прымушалі СССР напасці на Польшчу і забраць усю тэрыторыю ажно да Варшавы. Аднак Саюз «не паддаўся на правакацыю» і абмежаваўся Заходняй Беларуссю ды Украінаю.

«Усё гэта нагадвае наіўнае дзіцячае трызненне ў стылі савецкіх падручнікаў 1950-х гадоў, – рэзюмуе Дрозд, – Дарэчы, наконт масавых сталінскіх рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі ды іншых пластоў грамадства я наагул не знайшоў нічога. Гэтаму варта было прысвяціць параграф, але няма нават абзацу».

Варта дадаць, што яшчэ ў 2012 годзе падчас інтэрвю газеце Народнае Слова» прафесар Новік супрацьпастаўляў свае падручнікі, «больш зручныя і напісаныя даступнай мовай», падручнікам, надрукаваным у 1990-я. Галоўная ж заслуга сучасных падручнікаў, паводле Новіка, у тым, што яны «не палітызаваныя».

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары