Віленскі вакзал ачапіла паліцыя і памежнікі. У некалькіх літоўскіх гарадох прайшлі аблавы і вобшукі


19 сакавіка літоўскія памежнікі атрымалі інфармацыю пра вялікую групу маладых людзей прызыўнога ўзросту, якія накіроўваліся ў Калінінград.

У аўторак Расея аб’явіла праверку баяздольнасці ўзброеных сілаў Калінінградскай вобласці. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы атрымала інфармацыю аб транспартыроўцы ў Калінінград расейскіх прызыўнікоў.

Прадстаўнік Службы Рокас Пукінскас часткова пацвердзіў гэтую інфармацыю, піша партал навінаў lrytas.lt.

«Ад супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў мы атрымалі інфармацыю, што на гэтым цягніку едзе шмат маладых юнакоў прызыўнога ўзросту. Таму была ўзмоцнена ахова. Нашыя супрацоўнікі праверылі цягнік, але ва ўсіх пасажыраў былі дакументы і візы. У нас да іх прэтэнзій не было, не прапусціць праз нашу тэрыторыю мы іх не можам«, – сказаў Пукінскас.

Пасля праверкі дакументаў цягнік адправіўся ў Калінінград.

Міністр абароны Літвы Юозас Алекас пацвердзіў журналістам, што ведамства сапраўды атрымала інфармацыю пра транспартыроўку маладых людзей у Калінінград.

«Па нашых звестках, ехалі студэнты мараходнага вучылішча», – заявіў Алекас.

На пытанне журналістаў, навошта было ачэпліваць віленскі вакзал, міністр адказаў, што гэта была мера засцярогі. «Каб іншыя ня ехалі», – сказаў літоўскі міністр абароны.

19 сакавіка ў 12 літоўскіх гарадох прайшлі вобшукі на кватэрах «сепаратыстаў», якія заклікалі змагацца супраць Літвы і выступалі за выхад краіны з НАТА і ЕС.

9 асобаў затрыманыя. Паводле пракуратуры, іх дзейнасць магла фінансаваць варожая Літве дзяржава, – паведамляе delfi.lt.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў