Вікторыя Пальчыс: Эдуард марыць здымаць кіно і ўбачыць мора


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/r-NYuUux7TY”][vc_column_text]14 кастрычніка пачнецца закрыты суд над стваральнікам сайту 1863x.com. Хлопцу інкрымінуюць «распальванне міжнацыянальнай варожасці» ды «распаўсюд парнаграфіі». Больш за паўгода ён ужо правёў у СІЗА – спачатку ў Бранску, пасля ў Менску на «Валадарцы» ды ў Жодзіна. Вікторыя Пальчыс (Шчукевіч) распавяла «Белсату», як ставіцца да нацыяналізму, навошта яе муж ствараў легендарны блог і што ён зробіць першай справай, калі выйдзе на свабоду.

Апантаны інфармацыяй і фільмамі

Як Вы пазнаёміліся з Эдуардам?

Яшчэ ў Лідзе мы гулялі ў інтэлектуальныя гульні і належалі да аднаго клубу. Прычым у той перыяд мы адзін аднаго фактычна не ведалі. Пасля ўжо, у Менску, мой знаёмы запрасіў мяне гуляць у камандзе, у якой Эдуард быў капітанам. Так і пазнаёміліся. Гэта быў прыкладна 2009-ы.

Ён ужо тады цікавіўся палітыкай?

Так, цікавіўся з падлеткавага ўзросту, год з пятнаццаці. Мяне вельмі здзівіла некалі, як ён праводзіць свой дзень. Ён увесь час чытаў навіны. На ўсіх сайтах, аднаўляючы іх кожныя 20 хвілін. Пэўны час Эдуард быў проста апантаны інфармацыяй. У нейкім сэнсе гэта быў перыяд накаплення ведаў, які ў наступным яму дазволіў рабіць свае высновы і пісаць тое, што ён пісаў.

Чаго ён планаваў дасягнуць жыцці?

Ён хацеў займацца кіно. Акрамя інфармацыі ён апантаны і гэтай сфераў. Мы вельмі шмат глядзелі фільмаў, ён разбіраецца ў рэжысёрах і жанрах. Таму ягоная мара зусім не палітычная, Эдуард хоча ствараць мастацкае кіно. Напэўна, у якасці рэжысёра або сцэнарыста.

Лічыў, што 1863x.com не зацікавіць вялікай аўдыторыі

Ці лічыў сябе Эдуард нацыяналістам?

Калі ў нас кажуць «нацыяналіст», большасць дагэтуль уяўляе сабе Гітлера (смяецца). З боку расейскіх СМІ гэта вельмі папулярная рыторыка, называць нацыяналістаў фашыстамі. Але здаровы нацыяналізм – гэта любоў да сваёй Радзімы, гатовасць бараніць яе незалежнасць.[/vc_column_text][vc_single_image image=”376849″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Эдуард ніколі не называў сябе нацыяналістам, але заўсёды любіў і абараняў сваё, то бок беларускае. Ён наўпрост разумны і неабыякавы хлопец, які бачыць, да чаго тут усё ідзе і не можа заставацца ўбаку.

А чаму ён вырашыў стварыць свой сайт?

На пятым курсе БДУ ён хацеў атрымаць размеркаванне ў СМІ, але тады яго нікуды не запрасілі. Па спецыяльнасці ён быў гісторыкам, а не журналістам. У дадатак, праца ў СМІ накладае пэўныя рамкі, а ён пісаў так, як лічыў патрэбным. Для Эдуарда свабода заўжды была надзвычай важным фактарам. Свабода таго, як рабіць сваю працу, у тым ліку.

Ці разумеў ён рызыкі такой працы?

Ён наагул спачатку лічыў, што 1863x.com не зацікавіць вялікай аўдыторыі. То бок, калі праз год ён будзе мець 1000 чытачоў – гэта будзе перамога. А тысяча ў яго была ўжо праз месяц! Да апошняга, думаю, ён не да канца разумеў важнасць таго, што рабіў. Я нават сёння не магу гэтага цалкам усвядоміць.

Пасадка – загад з Расеі?

А адкуль узялася такая назва?

З нашых з ім размоваў я прыгадваю, што 1863 год – гэта пункт адліку для беларускай нацыянальнай думкі. Зразумела, што і да гэтага было шмат падзеяў у гісторыі. Але паўстанне Каліноўскага – гэта кропка незвароту, калі наша нацыя заявіла пра сябе. Павярнуць усё назад і задушыць беларускасць было ўжо немагчыма.[/vc_column_text][vc_column_text]Эдуард меў пэўнае бачанне будучыні нашай краіны?

Ён заўсёды казаў, што сцэнароў можа быць шмат. Але самы пазітыўны – лагодная беларусізацыя і нацыянальнае адраджэнне, якому не будуць перашкаджаць, адначасна і самы малаверагодны. Верагоднасць таго, што нехта спрабуе ўсё гэта задушыць, нашмат большая. Ён казаў пра вялікую імавернасць захопу Беларусі Расеяй асабліва пасля падзеяў ва Украіне ў 2014-м.

Як вы ставіліся да дзейнасці мужа?

Я заўжды яго падтрымлівала. Некаторыя артыкулы для 1863x.com нават вычытвала. Ён мне прапаноўваў пісаць самой на сайт, але я лічыла, што Эдуард гэта зробіць лепш.

Ён адкрыта не крытыкаваў беларускія ўлады, толькі Расею. Чаму яго пасадзілі?

Мяркую, што гэта мог быць загад з Расеі, адмысловая замова.

Падчас вобшуку забралі нават альбом з малюнкамі

Сёлетні арышт Эдуарда ўжо не першы…

Так, упершыню яго арыштавалі ў траўні 2015, гэта была вялікая нечаканасць. Тады Эдуард паехаў на сумоўе па працы, а тут у кватэру заходзяць незнаёмыя мужчыны, кажуць, што на яго заведзеная «крыміналка», робяць ператрус… Не даюць нават патэлефанаваць Эдуарду. Як снег на галаву гэта ўсё было. Тады яго прыцягнулі толькі па арт.130 «Распальванне міжнацыянальнай варожасці». Канфіскавалі ўсю лічбавую тэхніку, ад флэшак да ноўтбукаў. Забралі ўсе нататкі, сшыткі, асабістыя дзённікі, нават мой альбом з малюнкамі!

Доўга тады Эдуард быў у зняволенні?

Яго змясцілі ў псіхіятрычны дыспансер «Навінкі» для экспертызы. Там ён прабыў месяц, пасля яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Мы тады і не думалі з’язджаць, меркавалі, што ўсё скончыцца штрафам. Але пасля завялі другую «крыміналку»: за распаўсюд парнаграфіі. Гэта змяніла ўсё.

Тады ён прыйшоў да мяне і сказаў: «Віка, маю добрую навіну. Памятаеш, мы хацелі пажыць ва Украіне?.». У Кіеў мы пераехалі на пачатку кастрычніка 2015-га. Ён там працаваў на прыватніка ў медыя-сферы. Я дапамагала часам як графічны дызайнер.

Перавод у Беларусь – вялізная палёгка

Як атрымалася, што Эдуард трапіў у рукі спецслужбаў у Расеі?

Хай ён сам лепш пра гэта распавядзе, калі выйдзе на волю. Першыя дні тады для мяне наагул прайшлі як у тумане… Мы даволі хутка даведаліся, што ён у Бранску, але не маглі ніяк гэтую інфармацыю праверыць. Ягоны бацька і брат тады прыехалі да яго з перадачай у СІЗА – яе прынялі. Стала ясна, ён там. Але паведамленняў адтуль ніякіх не было: ані лістоў, ані званкоў. Гэта былі вельмі страшныя для мяне два тыдні.

А як трапіў у Беларусь?

Аднойчы ж нашаму адвакату ў Расеі наўпрост сказалі, што кліента няма. Куды яго перавялі? Ніхто не казаў. Тады мы пайшлі ў СІЗА на Валадарскага і спыталі, ці ёсць там Пальчыс. Нам адказалі станоўча, так ён і знайшоўся. Сам перавод для нас быў вялізнай палёгкай. Прасцей было і з перадачамі, і з інфармацыяй ад яго.

Лепш палітвязень, чым экстрэміст і парнограф

Чым Эдуард займаецца за кратамі?

Ён піша, што шмат часу ідзе на ліставанне. Ідзе вялікі паток карэспандэнцыі, а ён усім адказвае, вельмі сурёзна да гэтага ставіцца. За ўвесь час было ўсяго некалькі выпадкаў, калі ён не разабраў зваротнага адрасу, таму не напісаў ліст у адказ.[/vc_column_text][vc_single_image image=”376837″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Чытае кнігі?

Так, шмат. Нават жаночыя раманы, кшталту Жорж Санд, бо выбар невялікі ў турэмнай бібліятэцы. Ён захапляецца гісторыяй, я яму перадаю тое-сёе з літаратуры. Праз падпіску яму таксама даходзяць газеты.

А што наконт здароўя?

Заднім чыслом мы неяк даведаліся, што ён моцна прастудзіўся. Тады яго лекавалі сукамернікі сваймі метадамі. У кагосьці быў імбір, дык яму заварвалі, выходжвалі. Былі з зубамі праблемы… Але зараз мы яму ўжо перадалі медыкаменты, піша, што пачуваецца лепей.

Сустрэчы вам дазваляюць?

Для таго, каб сустрэцца, пакуль ішлі следчыя дзеянні, патрэбен быў дазвол ад следчага. Той дазволіў, але толькі для маці. Яны бачыліся адзін раз, хвілін 40 трывала спатканне, зразумела, праз шкло. Мне такога дазволу ніхто не даваў, хоць Эдуард і пісаў заяву.

Чаго Вы чакаеце ад суду?

Не маю ніякіх ілюзіяў – маўляў, яго апраўдаюць, – такога не бывае. Канешне, я б хацела, каб прысуд не быў звязаны з пазбаўленнем волі. Але я рыхтуюся да горшага, муж можа атрымаць ад двух да чатырох год.

Эдуарда прызналі палітвязнем, як вы да гэтага ставіцеся?

Зразумела, што ён усё адно будзе асуджаны, таму лепш хай мае гэты статус. Лепш палітвязень, чым экстрэміст і парнограф (смяецца).

Як лічыце, навошта было наагул дадаваць артыкул па парнаграфіі?

Мяркую, што калі ўзбудзілі справу за «распальванне варожасці», у Следчым камітэце зразумелі, што доказаў няма. У артыкулах на 1863x.com не было заклікаў распачынаць генацыд расейцаў ці нечага падобнага. Справа развальвалася, трэба было за нешта зачапіцца. У выніку знайшлі карцінку, якая сапраўды з’яўляецца парнаграфічнай (Пальчыс публікаваў яе як прыклад бруднай прапаганды на адным з расейскіх сайтаў – АК.), але яна не мае мэты распаўсюду парнаграфіі! У дадатак, такі артыкул абраны, каб пагоршыць рэпутацыю Эдуарда. Такі артыкул – гэта найперш удар па асобе.

Што Вы найперш зробіце на волі разам?

Мая асабістая мара – з’ездзіць некуды разам у адпачынак. Трэба ачысціцца неяк ад усяго, што адбылося, і рухацца далей. Хаця б на тыдзень, каб адбыўся нейкі разрыў з мінулым. Тым больш, Эдуард не разу ў жыцці не бачыў мора на свае вочы.

АК

Стужка навінаў