Вікторыя Азаранка выйграла міжнародны турнір ў Брысбане


Пяць перамогаў у Аўстраліі прынеслі Азаранцы амаль 400 000 долараў ды вяртанне ў першую дваццатку найлепшых тэнісістак свету.

На шляху да фіналу Вікторыя Азаранка перамагла расейку Алену Весніну (6:2, 6:0), бельгійку Ізалін Банавенцюр (6:3, 6:2), італьянку Робэрту Вінчы (6:1, 6:2) і амерыканку Самэнту Крофард (6:1, 6:2).

У фінале беларуска (22-ая у рэйтынгу СТА) перамагла немку Анжэлік Кербэр (10-ая). Зрэшты, Кэрбер за ўсю гісторыю сустрэчаў з Вікай перамагчы беларуску так і не здолела. Падчас урачыстай цырымоніі закрыцця турніру, звярнуўшыся да Азаранкі, яна жартам выказала надзею, што гэта калі-небудзь зменіцца:

«Магчыма, калі-небудзь ты дасі мне такі шанец».

Перамога ў Брызбане стала другой у кар’еры Азаранкі (яна выгуляла тут у фінале ў 2009 годзе) і прынесла нашай суайчынніцы васямнаццаты тытул на турнірах СТА.

У Брысбане Азаранка зарабіла 1115 балаў (а таксама $ 383 926) – гэта ўздыме яе на некалькі радкоў у сусветным рэйтныгу. Чакаецца, што пры лёсаванні на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі яна будзе ў ліку дваццаці першых тэнісістак.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары