«Саша зжарэ Віцю або Віця зжарэ Сашу». Пра што кажа выдача Амрыева Расеі


На думку экспертаў, гісторыя з Амрыевым кажа пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не кантралюе сілавікоў.

Байца ММА Мурада Амрыева ў ноч на 9 чэрвеня таемна перадалі з Беларусі ў Расею, а ўжо днём ён апынуўся ў руках у супрацоўнікаў МУС па Чачэнскай рэспубліцы.

Супрацоўнікі Добрушскай міліцыі казалі, што Амрыеў «адмовіўся ад адваката».

«Па нашай інфармацыі, яму абвясцілі крывавую помсту. Адпаведна, яго жыцці ёсць непасрэдная пагроза», – заявіла Анастасія Гарына з Камітэту па перадухіленні катаванняў.

Амрыева выдалі Расеі нягледзячы на ​​тое, што ён папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку. Беларускія ўлады заявілі, што гэта не «дэпартацыя» Амрыева, а толькі «перадача».

Увечары 9 чэрвеня Амрыева вызвалілі. Кіраўнік Камітэту па перадухіленні катаванняў Ігар Каляпін заявіў, што спартоўцу, аднак, яшчэ прыйдзецца заплаціць за свабоду.

«Гісторыя з Амрыевым – яшчэ адзін аргумент за тое, што Саша (Лукашэнка. – Заўв. «Белсат») больш не кантралюе «сілавікоў». Наадварот, сілавікі кантралююць Сашу. Пакуль ускосна, праз дэзу, якой кормяць Сашу «маладыя ваўкі» на чале з Віцем (Лукашэнкам. – Заўв. «Белсат»). І наагул падобна на тое, што Віця ўжо дамовіўся з Масквой», – кажа эксперт у пытаннях рэформы дзяржслужбы Уладзімір Кавалкін.

Падобную думку агучыў таксама Андрэй Молчан, які ўцёк у Швецыю з тэчкаю кампрамату на беларускія ўлады.

«Або Віця зжарэ Сашу, або Саша зжарэ Віцю, – кажа Кавалкін. – Ці паспрабуе Віця прыбраць Сашу? – Паспрабуе! Чаму? – Таму што можа – вось чаму. У палітыцы наагул усё адбываецца не таму, што хто-небудзь што-небудзь хоча, а таму, што можа. Суадносіны рызыкі і выгады прыводзіць фігуры ў рух».

Сітуацыя з чачэнскім спартоўцам можа прыадчыніць нечаканыя палітычныя сцэнары як для Масквы, гэтак і для Менску.

Сяргей Падсасонны/ДД

Глядзі таксама
Каментары