Віктар Шэндэровіч пра беларускую еўраінтэграцыю: Не блытайце астму з аргазмам


На сустрэчы ў Варшаве сатырык, пісьменнік і журналіст адказаў на пытанні пра Расею, Крымнашызм і беларускую «адлігу».

Вы дагэтуль «непажаданая» асоба ў Беларусі. Не шкадуеце, што не можаце прыехаць у братэрскую краіну?

Трэба адзначыць, што прынамсі ў Беларусі шчырыя ўлады. У Расеі я прыношу катастрофу жыллёвакамунальнікам: мае канцэрты адмяняюць бо прарывае трубу, заканчваецца электрычнасць у правадах і г. д. У Беларусі на запыты аб правядзенні майго выступу з адміністрацыі адказваюць, што я «непажаданы» і мяне «адраілі».

Ходзяць чуткі, што Аляксандра Лукашэнку могуць запрасіць на рыжскі саміт «Усходняга партнёрства». На вашую думку, часы цяпер змяняюцца, можна назваць гэта адлігай?

Сітуацыю з Лукашэнкам я б не называў адлігаю. Як у старым габрэйскім анекдоце, «не блытайце астму з аргазмам». Лукашэнка вельмі ўмела працягвае гандлявацца: бярэ закладнікаў, адпускае іх, закручвае гайкі, адкручвае іх – гэта старая аўтарытарная тэхналогія. Палітычны тэрмін «адліга» ўвёў Цютчаў. Калі памёр імператар Мікалай Паўлавіч, пачалося першае пацяпленне. Калі памёр Сталін – другое. Вы самі можаце здагадацца, калі ў Беларусь прыйдзе пацяпленне.

Вы часта ў сваіх інтэрв’ю паўтараеце, што ў расейскай эліце цяпер блазны і дрэнь, Залдастанаў са сваёй касметычкай… Што ўсе нармальныя людзі збеглі. Вы сабралі ўжо сваю эвакуацыйную касметычку?

Вашае пытанне мяркуе, што я мушу жартаваць, але нічога больш смешнага, чым сам Залдастанаў з касметычкай, няма. Намагацца перажартаваць рэальнасць немагчыма. А апошняга перадсвяточнага расейскага часу – дык увогуле. Калі я прачытаў, што ў горадзе Арол з нагоды 70-годдзя Перамогі чыноўнікі згіналі арматуру аб галаву, я падумаў, што мушу перастаць жартаваць. Калі б я дазволіў сабе так жартаваць, я б самому сабе здзівіўся. Жыццё мацнейшае за любы жарт. Нічога больш жудаснага і смешнага гэтага Залдастанава, гэтай касметычкі, гэтай трыбуны на парадзе прыдумаць немагчыма. Таму сатырык, як ні парадаксальна, мусіць перастаць пісаць, а толькі запісваць.

Вы даўно казалі, што Пуцін ідзе шляхам Лукашэнкі, што Пуцін гэта маленькі Лукашэнка. Вы лічыце, Лукашэнка яго стварыў?

Скажу так: калі б у Лукашэнкі была ядравая зброя, ягонае б прозвішча было Пуцін, і ўвесь свет ставіўся б да яго больш сур’ёзна. Але, на шчасце, ядравай зброі ў яго няма, таму ён лятае на сваім залатым самалёце ад Шклова да Берасця і не чыніць нікому крыўды. Трэба прызнаць, што вашаму «бацьку» вельмі пашчасціла з Пуціным у апошні год. Бо Лукашэнка быў апошнім тыранам Еўропы, гэта быў амаль афіцыйны тытул. Пасля Данбасу ён пажвавеў, таму сёння свету і Еўропе абсалютна не да Лукашэнкі.

Пра расейскі імперыялізм

Імперыялізм – гэта хвароба. Яна лечыцца, калі яе лячыць (…) Няма ніякага асаблівага шляху для Расеі. Можна, напрыклад, параіць дэмакратыю, раздзяленне ўладаў. Асаблівы расейскі шлях – гэта таксама беларускі, венесуэльскі, сенегальскі і г.д.

Пра пуцінскія рэйтынгі

Гэта не называецца падтрымкай, гэта называецца закладнікі. З рэйтынгамі, як у Паўночнай Карэі. Гэта рэйтынг страху, гэта рэйтынг неўрозу. Я трапіў у хворы нерв. Тэлебачанне Тэлебачанне – зброя масавага знішчэння, калі б выбары праводзіліся сярод карыстальнікаў інтэрнэту, вынікі б былі абсалютна іншыя.

ДР, ІЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары