Відэазварот працаўнікоў «Пінскдрэва»: піяр ці змаганне за свае правы?


На відэа, якое было апублікавана ў суполцы «Рада рабочых Пінскдрэва – супраціў» у сацыяльных сетках, людзі ў масках заклікалі байкатаваць прадукцыю фабрыкі і паскардзіліся на «рабаўладальніцкія» умовы працы.

Паводле словаў аўтараў звароту, «рабочых ператварылі ў рабоў, якія працуюць за капейкі». Таксама дадаецца, што людзі на прадпрыемстве рэгулярна гінуць. Сапраўды, толькі ад пачатку года на «Пінскдрэве» памерлі ўжо два чалавекі.

Актывісты запісалі відэазварот яшчэ даўно, але апрылюднілі яго толькі цяпер. Прычына – у Пінскі гарадскі савет дэпутатаў не прайшоў кандыдат, на якога працаўнікі нібыта ўскладалі надзеі – Дзмітры Кудранок, сябар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Ён працаваў на «Пінскдрэве», пакуль не быў звольнены. Як сцвярджае сам Кудранок – за свае погляды і грамадскую актыўнасць.

Дзмітрый Кудранок. Фота – VK

Паводле Кудранка, што гэта менавіта ён заснаваў Савет рабочых «Пінскдрэва». І хаця цяпер ён працуе ў Расеі, арганізацыя, кажа Кудранок, «дзейнічае незалежна ад абставін». Пры гэтым не ўдакладняе, колькі чалавек аб’ядноўвае Савет на сённяшні дзень.

«Каб выйсці з гэтай сітуацыі, кіраўніцтва «Пінскдрэва» хоча падаць на мяне ў суд. Калі справа дойдзе да суду, то сітуацыя пагоршыцца. Але мы будзем абараняцца, бо колькі можна здзекавацца з людзей?» – гаворыць Кудранок.

Ён катэгарычна адмовіўся раскрыць імёны аўтараў відэазвароту.

Мы паспрабавалі звязацца з дырэктарам па працы з персаналам «Пінскдрэва» Мікалаем Трушко, каб даведацца пазіцыю прадпрыемства, але той другі дзень не адказвае на тэлефанаванні. Раней Трушко ў размове з «Нашай Нівай» назваў відэазварот «паклёпам» і паабяцаў звярнуцца ў суд. У прыёмнай генеральнага дырэктара прадпрыемства заявілі, што кіраўніцтва не каментуе сітуацыю.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук мяркуе, што відэазварот – гэта піяр-акцыя «пэўных палітычных сілаў» і не давярае яго аўтарам.

Аляксандр Ярашук. Фота – bkdp.org

«Калі правы працоўных парушаюцца, то неабходна імкнуцца да стварэння прафсаюзу на прадпрыемстве, а не ствараць нейкія рады, саветы, якія не маюць законных паўнамоцтваў. Трэба ў першую чаргу намагацца легалізаваць гэтае змаганне – тады яно атрымае і міжнародную падтрымку», – лічыць Ярашук.

На пытанне, ці вядома незалежным прафсаюзам, якое рэальнае становішча працоўных на прадпрыемстве, Ярашук адказвае:

«На вялікі жаль, цяпер мы не маем кантактаў з «Пінскдрэвам». 8 год таму мы ўжо прапаноўвалі дапамогу, але дыялог нікуды не прывёў, усе ініцыятывы касаваліся».

Паводле словаў прафсаюзнага лідара, цяпер кангрэс зноў гатовы дапамагчы незадаволеным супрацоўнікам «Пінскдрэву» утварыць свой прафсаюз.

«Пакуль жа гэты відэазварот выглядае несурʼёзна. Ці то як прафанацыя, ці то як палітычны піяр пэўных сілаў. Гуляючыся ў гульні, праблему не вырашыць», – кажа ён.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары