«Відэаздымкі мы не замаўлялі!» Як чыноўнікі рэагуюць на «Белсат»


Падчас грамадскіх слуханняў намеснік старшыні магілёўскага райвыканкаму ў эканоміцы Мікалай Шэпелевіч спрабаваў забараніць журналістам «Белсату» здымаць відэа. Тым часам праблема вельмі сурʼёзная: жыхары двух пасёлкаў вінавацяць завод «Кранаспан» у тым, што ён атручвае іх ды навакольнае асяроддзе.

«Смурод, які невыносны, ні на што не падобны і выклікае галаўны боль, алергію, удушэнне, кашаль, ды рвоту» – гэта прэтэнзіі жыхароў пасёлку Вейна і Навасёлкі, што пад Магілёвам, да мясцовага дрэваапрацоўчага заводу. З гэтай нагоды ў Вейне адбыліся грамадскія слуханні. Аднак журналістаў з відэакамерай туды спрабаваў не пусціць мясцовы чыноўнік.

Ён адмаўляўся прадставіцца, але патрабаваў ад здымачнай групы «акрэдытацыю» на адкрытае мерапрыемства. Пасля спрэчак чыноўнік  паскардзіўся міліцыянтам. Неўзабаве прыйшоў старэйшы ўчастковы інспектар Руслан Клепчукоў, які перапісаў пашпартныя дадзеныя журналістаў.

Мясцовыя жыхары гавораць, што апошнім часам назіраюць у сваіх дзяцей захворванні, якіх раней ніколі не дыягназавалі. Лекары з цяжкасцю могуць паставіць дыягназ – кажуць, алергія. На мясцовым возеры перадохлі жабы, зніклі птушкі. Усё гэта дзіўным чынам супала з пачаткам дзейнасці «Кранаспана».

Нягледзячы на спробы перашкодзіць журналістам, сюжэт пра грамадскія слуханні і праблемы мясцовых жыхароў зʼявіцца ў эфіры «Белсату» а 21:00.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў