Відэафакт: у Гомлі ДАІшнік спыніў аўтамабіль праз бел-чырвона-белыя сцяжкі


Капітан міліцыі Старавойтаў з Гомельскай абласной ДАІ спыніў у Гомлі аўтамабіль, у вокнах якога былі замацаваныя бел-чырвона-белыя сцяжкі. Інспектар палічыў іх «элементамі, непрадугледжанымі канструкцыяй аўтамабіля», што супярэчыць аднаму з пунктаў правілаў дарожнага руху.

Кіроўца Алесь Сапега, які з’яўляецца старшынём Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі, ды пасажыры, якія ехалі ў аўтамабілі, заявілі, што сцяжкі ім даў кандыдат у дэпутаты Аляксей Атрошчанка. Пасля кароткай спрэчкі, падчас якой кіроўца ды пасажыры сцвярджалі, што ніякіх правілаў яны не парушылі, ДАІшнік адпусціў аўтамабіль. Пры гэтым праваахоўнік настаяў на сваім і парушэнне правілаў дарожнага руху зафіксаваў, адпусціўшы кіроўцу з папярэджаннем. На думку інспектара, той факт, што ён не стаў выпісваць штраф, сведчыць, што ён «паставіўся да грамадзяніна лаяльна».

Учора ў Гомлі ўпершыню за 8 гадоў выступіў вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі.

ДАІшнікі і раней нервова рэагавалі на бел-чырвона-белую сімволіку на аўтах. Напрыклад, раней ДАІ не спадабаўся бел-чырвона-белы сцяг і беларускі нацыянальны арнамент на аўце Цімафея Дранчука – удзельніка акцыі «БЧБ-мабіль». Праз гадзіну чаканняў кіроўцу адпусцілі, але выпісалі штраф за танаванае шкло.

МЯ, паводле gomel.today

Стужка навінаў