Відэаблогера паказухаю не падманеш. У Калінкавіцкім раёне – свая альтэрнатыва БТ

video

Гомельскія гаспадаркі ў заняпадзе займелі свой канал на «Youtube» – былы бізнесоўца Віталь Манько вядзе папулярны відэаблог і паказвае рэальны стан калінкавіцкай гаспадаркі. Тры гады таму два стратных кааператыва – Зеляночы і Насавічы – аб’ядналі і далучылі да калінкавіцкага камбінату ў надзеі палепшыць іх фінансавы стан, але мясцовыя мяркуюць, што атрымалася толькі горш.

«Я ўжо нават некалькі разоў задаваў кіраўніцтву раёна ў відэароліках пытанне – вы пакажыце, што вы зрабілі ад пачатку і да канца і гэта было зроблена якасна. Дом пабудавалі? Праз пару год ён палопаўся, патрэскаўся, цвіль, грыбы растуць. Што зроблена?», – распавядае «Белсату» блогер Віталь Манько.

Паводле яго, яшчэ з 10 год таму ў Зеляноцкім сельсавеце, куды ўваходзяць пяць вёсак, былі крамы, лазня ды фермы, а пасля таго, як СПК аб’ядналі, інфраструктура пасыпалася, а людзі сталі з’язджаць – так, ад крамы ў вёсцы Саланік застаўся толькі фундамент, а месца, дзе раней былі хлявы для жывёлы, парасло бур’янам.

Не лепей сітуацыя выглядае і ў самім СПК – калі раней аўтапарку было 30 трактароў і 25 машын, то зараз мясцовыя скардзяцца на адсутнасць працы ды заробкаў.

«Трактарыст Сяргей Васільевіч за 24 пуцявых ліста атрымаў 1 мільён 800, або 180 рублёў новымі» – скардзіцца Пётр Пунтус, жыхар вёскі Саланік.

Са словаў працаўнікоў, максімальны заробак у СПК – 300 рублёў, якіх на жыццё не хапае.

Мясцовыя жыхары блогера падтрымліваюць – за паўгода існавання канала на яго падпісаліся амаль 2 тысячы чалавек. А вось намеснік старшыні калінкавіцкага райвыканкаму Віктар Замосцік – наадварот папракае, маўляў, Манько паказвае сітуацыю неабектыўна.


Віталь Манько, у сваю чаргу, з анлайну выходзіць у афлайн і выступае на сходах вяскоўцаў з чыноўнікамі райвыканкаму – бо лічыць, што праблема ў іх.

«Сістэма састарэла, на сёння яна лепіцца-падтрымліваецца, і другое – гэта непрафесіяналы, людзі, якія не прыгодныя для гэтай дзейнасці», – лічыць Манько.

Але на гэта чыноўнікі ўвагі не звяртаюць, а блогер атрымлівае толькі ананімныя званкі з пагрозамі.

НХ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары