ВІЧ, які прыйшоў з Конга


Вірус імунадэфіцыту чалавека, ад якога пакутуе цяпер больш за 75 мільёнаў чалавек па ўсім свеце ды які пры адсутнасці лекавання выклікае СНІД і неўзабаве смерць чалавека, насамрэч з’явіўся яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя ў Афрыцы, а дакладней – у Дэмакратычнай рэспубліцы Конга. Адкуль амаль адразу трапіў у Еўропу.

Нарадзіўся ВІЧ у выніку шматлікіх малекулярных мутацыяў у афрыканскіх малпаў. Такое адкрыццё зрабілі эпідэміёлагі ўніверсітэту гораду Лёвэн у Бельгіі ў супрацы з брытанскімі калегамі з Оксфардскага ўніверсітэту.

«Вірусы ад малпаў, афрыканскіх прыматаў часта пераскоквалі да людзей. У нашыя часы мы маем мінімум 13 прыкладаў на гэты конт, раней іх было значна больш. Людзі палявалі на малпаў і пры разрабленні тушаў, натуральна, мелі кантакт з іхняю крывёй», – гаворыць малекулярны эпідэміёлаг Філіпэ Лемэй.

Жудасныя ўмовы гігіены ў тыя часы і дэмаграфічная сітуацыя ў грамадстве спрыялі таму, што вірус стаў распаўсюджвацца ў Конга і ў суседніх з ім краінаў з хуткасцю ядравай рэакцыі.

«Мужчынаў у тыя часы было ўдвая больш, чымся жанчын, з якіх большасць жылі не ў сям’і. Гэта прывяло да распаўсюду разнастайных формаў прастытуцыі, у тым ліку схаванай. Пры гэтым людзей з групаў рызыкі лекавалі пры дапамозе інекцыяў шпрыцамі шматразовага выкарыстання», – дадае Лемэй.

У Еўропу, як мяркуюць навукоўцы, вірус мог трапіць праз бельгійскіх маракоў, якія карысталіся паслугамі заражаных ВІЧам кангалезскіх прастытутак. У тыя часы Конга было бельгійскаю калоніяй, а значыць – мела з ёю шчыльныя марскія сувязі. На сёння медыцына гатовая гарантаваць чалавеку, інфікаванаму ВІЧам, што перадаецца, як вядома, праз кроў і палавыя кантакты, як сцвярджаюць у Бельгіі, «амаль нелімітаванае жыццё». Але сродкаў паставіць канчатковую заслону вірусу не існуе дасюль.

Аптымісты спадзяюцца на тое, што вакцыну супраць ВІЧу чалавецтва атрымае ўжо праз дзесяць гадоў, песімісты даюць на гэта не менш за паўстагоддзя. Але і тыя, і другія сыходзяцца на тым, што найлепшы сродак перамагчы вірус – яго папярэдзіць. Не спажываць наркотыкаў і не ісці на незабяспечаную сексуальную сувязь з тым, у кім ты не ўпэўнены.

Алесь Сіліч, «Белсат», Брусель

Стужка навінаў