ВІЧ-інфекаваным у Беларусі пачынае бракаваць лекаў


Беларускія віч-інфекаваныя бʼюць у званы – у краіне назіраюцца збоі з адмысловымі медыкаментамі. А значыць жыццё гэтых людзей пад пагрозаю.

Ці праўда, што таблетак больш не будзе? Гэткім пытаннем па ўсёй краіне задаюцца ўстрывожаныя беларусы, хворыя на ВІЧ. Апошнім часам пацыентам стала нашмат складаней атрымаць неабходныя для антырэтравіруснай тэрапіі лекі. У такой сітуацыі апынулася мянчанка Таццяна, якая АРВ-тэрапію сумяшчае з лекаваннем ад наркаманіі, што ў выніку дае пэўныя дэфекты мовы.

«Што такое АРВ-тэрапія комплексная? Гэта тры прэпараты, розныя, якія дзеяць на розных стадыях гэтак званага жыццёвага цыклу вірусу, дзе ён блакуе некаторыя працэсы, для таго, каб падтрымліваць імунітэт на пэўным узроўні», – гаворыць Таццяна.

Са зваротаў хворых да грамадскіх арганізацыяў вынікае, што дактары ці то выдаюць прэпараты на больш кароткі тэрмін, чым патрэбна, ці замяняюць адзін на другі, ці просяць прыйсці пазней, бо на гэты момант пэўны лек адсутнічае.

Як зазначае старшыня абʼяднання «Пазітыўны рух» Ірына Статкевіч, лекаванне ВІЧ – спецыфічнае: людзям трэба штодзённа ў адзін і той жа час прымаць адзін і той жа прэпарат. І гэта трэба рабіць цягам усяго жыцця.

Гэта дазваляе весці паўнавартаснае жыццё дзесяцігоддзямі – да мінімуму, паводле амерыканскіх вучоных да 4 адсоткаў, зніжаецца рызыка заразіць партнёра, а, значыць, можна заводзіць дзяцей і мець сям’ю. Пра што ў нашым грамадстве часта не ведаюць.

Аднак непаслядоўная тэрапія гэтыя шанцы ў хворых, якія і так сумняюцца ў эфектыўнасці лекавання, адбірае.

«На фоне, калі мы ўжо зматывавалі чалавека, ён кажа, ну вось, напрыклад, лекавання няма, майму знаёмаму не выдалі – і я пачынаць не буду», – распавядае Статкевіч

У адказных ведамствах спасылаюцца на часовыя цяжкасці і дакладных тэрмінаў, калі з’явяцца лекі, не называюць. А вось у ПРААН нам паабяцалі рэагаваць на сітуацыю, калі будзе больш інфармацыі аб праблеме. А сачыць за праблемаю трэба пільна, бо істотных паляпшэнняў у барацьбе з распаўсюджаннем вірусу пакуль не назіраецца. У Беларусі за студзень-сакавік сёлета выявілі 645 ВІЧ-інфекаваных, тады як летась у тыя ж месяцы новых выпадкаў было толькі 582. Агулам у краіне з ВІЧ жыве 16 000 чалавек, з іх на лячэнні каля 5-6 тысяч чалавек. ВІЧ – гэта яшчэ не СНІД, але адкладзенае і нерэгулярнае лекаванне няўмольна набліжае апошні.

Таццяна Рэўт, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары