Віцебскіх журналістаў хочуць судзіць за фотасесію «на фоне любімага гарадскога графіці»


У Сусветны дзень «Станем за журналістыку» 5 лістапада журналісты выпусцілі з клетак птушак прэсы і сфатаграфаваліся на фоне графіці – выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі. Гэты малюнак шмат хто лічыць увасабленнем лёсу сучаснай вольнай прэсы.

Здымкі журналісты апублікавалі ў віцебскай суполцы «Нашы ў горадзе», дзе размяшчаюцца артыкулы і здымкі на тэму гарадскога жыцця.

Чыгуначны РАУС Віцебска ўчуў у фотасессіі палітычны падтэкст. На ўдзельнікаў склалі пратаколы за «удзел у несанкцыянаванай акцыі» і цяпер выклікаюць у міліцыю. Першымі ахвярамі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Аляксандра Рыбакова стаў сябра «БАЖ» Зміцер Казакевіч і Кастусь Мардзвінцаў. Справу Касцюкевіча суд разгледзіць 28 лістапада. Таксама сёння ў міліцыю мусяць з’явіцца віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец і актывістка аргкамітэту Алена Шабуня.

Улады працягваюць ціснуць на журналістаў. Днямі Слонімскі РАУС выклікаў «на размову» журналіста Алеся Залеўскага «у якасці ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу». Прычым ён атрымаў афіцыйную позву пазней за прызначаны тэрмін яўкі.Журналіст перакананы, што выклік звязаны з яго рэпартажам пра злоўжыванні і карупцыю ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які ён здымаў у Слоніме.

ДР, belsat.eu паводле baj.by

Стужка навінаў