Віцебскі праваабаронца падаў у суд на БТ


Актывіст Павел Левінаў просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасць выступіць у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», каб зняпраўдзіць хлусню і абразы, што прагучалі на дзяржаўным тэлеканале.

У праграме «Клуб рэдактароў», што выйшла ў эфір 7 лютага, цягам амаль трох хвілінаў абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці, што адбылася ў Вільні. Падчас абмеркавання ў эфіры даваліся негатыўныя ацэнкі дзеянням праваабаронцаў, – паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэтак старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька неаднаразова зняважліва выказваўся аб праваабаронцах, называючы іх «так званымі праваабаронцамі», якія нешта ўкладвалі «яму [Міклашу Харашці] там у вушы». А госць тэлепраграмы, дэпутат Менскага гарсавету Георгі Атаманаў, ужыў выраз «праваабарончая шпана».

Перад тым, як завярнуцца ў суд, Павал Левінаў паспрабаваў вырашыць пытанне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію. Ён спасылаўся на артыкул 41 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», згодна з часткай 1 якога фізічныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэння распаўсюджаных звестак, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Аднак кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі адказала на патрабаванне праваабаронцы адмоваю.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў