Віцебскі біскуп заспяваў у жывым эфіры беларускую калядку пад гітару


Каталіцкі іерарх Алег Буткевіч з нагоды Калядаў быў госцем рэгіянальнага тэлеканалу «Віцебск».

Біскуп Буткевіч распавёў у жывым эфіры, што галоўную ролю ў яго рэлігійным выхаванні мелі бацькі. «Давялося жыць і вучыцца ў камуністычныя часы, калі вера была ўвогуле пад забаронай. Ніякіх асаблівых рэлігійных праяўленняў не было, і тут трэба скіраваць падзяку маім бацькам за тое, што нягледзячы на існыя перашкоды, на забарону, яны імкнуліся і, напэўна, бачна, што прывілі веру ў сэрца чалавека», – заўважыў галава Віцебскай дыяцэзіі.

Тое, што іхны сын стаў біскупам, – хутчэй не гонар, а перажыванне і клопат для іх, заўважыў іерарх.

Узяўшы ў рукі гітару, біскуп Буткевіч выканаў калядку на беларускай мове «Ночка ціхая, зарыста…». Спеў на відэа можна паслухаць ад хвіліны 41:30.

Алег Буткевіч нарадзіўся ў 1972 годзе ў Браславе. Біскупскае пасвячэнне атрымаў у студзені 2014 года. Дзве ягоныя сястры – каталіцкія манашкі.

Не так даўно біскуп Буткевіч прыязна выказаўся пра цікавасць беларусаў да вышыванак. Іерарх каталіцкага Касцёлу адзначыў, што вышыванкі – гэта частка беларускай культуры і самабытнасці, якая спрыяе ўмацаванню нашай самасвядомасці.

ВШ, belsat.eu

Стужка навінаў