Віцэ-шэф МЗС Польшчы для «Белсату»: Заўважна, што Беларусь мае большую патрэбу ў Еўразвязе


Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Томаш Арлоўскі сустрэўся ў пятніцу ў Менску з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Адбылася таксама сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і незалежнымі аналітыкамі.

Пасля перамоваў з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем і ягонай намесніцай Аленай Купчыной польскі віцэ-міністр заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», што абмяркоўваў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў двухбаковыя дачыненні і стаўленне Беларусі да Еўрапейскага Звязу.

«Я магу сказаць, што цень украінскага крызісу увесь час прысутнічае ў тым, што адбываецца. Зразумела, што змены, якія мы заўважаем у падыходзе беларускіх уладаў, маюць сувязь, чаго ніхто не хавае, з геапалітычнай сітуацыяй ў рэгіёне. Мы (прадстаўнікі Беларусі і Польшчы -) ўзгаднілі, і я даў вельмі выразны сігнал з боку Польшчы, што мы бачым выразны ўплыў украінскай сітуацыі на палітыку Беларусі, што мы цэнім дзейнасць беларусі дзеля міру ў рэгіёне. Але нашае развіццё дачыненняў з Беларуссю – гэта не закладнік украінскай сітуацыі. Гэтыя адносіны – каштоўнасць сама па сабе», – заўважыў спадар Арлоўскі.

Паводле польскага віцэ-міністра, украінскі крызіс і кантакты Беларусі з Захадам трэба разглядаць асобна, хоць сітуацыя ва Украіне тут магла спрацаваць як каталізатар. Дыпламат дадаў, што размова з кіраўніцтвам беларускага Міністэрства замежных справаў тычылася таксама ўнутранай палітыкі Беларусі, некаторыя элементы якой – «важная праблема для Польшчы і Еўропы»:

«Але я б сказаў, што мы прыгадалі нашую пазіцыю, а не чакалі, што нам скажуць нешта зусім новае, што кардынальна змяніла б нашыя чаканні і надзеі.Яшчэ раз скажу: мы не змяняем нашай ацэнкі, нашых прынцыпаў і не адмаўляемся ад сутнасці нашай палітыкі. Аднак мы цэнім пэўныя пазітыўныя змены. Мы заўважаем большую патрэбу (Беларусі – belsat.eu) знайсці апору ў Еўразвязе дзеля палітыкі, якая б збалансавала сітуацыю, што мае месца праз дзеянні Расеі на ўсходзе Украіны», – адзначыў польскі віцэ-міністр.

Прадстаўнік польскага МЗС падкрэсліў, што польскія дзеянні мусяць быць на карысць Беларусі. Каб гэтак адбывалася, у Польшчы мусяць зразумець, што дзеецца ў Беларусі, ды даць адказ на чаканні грамадзянскай супольнасці, узяўшы пад увагу магчымасці, якія даюць улады:

«На самым пачатку нашай доўгай сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, незалежнымі аналітыкаў я выразна зазначыў: па-першае, любая форма палітычных дыскусіяў і кансультацыяў з уладамі Беларусі не ўплывае на інтэнсіўнасць нашага дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Па-другое, нам патрэбныя экспертызы, веды і ацэнкі ад грамадзянскай супольнасці дзеля таго, каб лепш сфармуляваць палітыку ў дачыненні да уладаў Беларусі. Мы лічым, што ў гэтым ёсць свайго роду гармонія і логіка. Прасцей кажучы, нашыя дзеянні мусяць служыць Беларусі», – сказаў на заканчэнне Томаш Арлоўскі.

Падчас свайго знаходжання ў Менску намеснік міністра замежных справаў Польшчы наведаў мемарыял у Курапатах, дзе пахаваныя тысячы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Польскі дыпламат усклаў вянок і запаліў свечкі пад крыжом у памяць па забітых паляках, якія тут знайшлі апошні спачын.

Падрабязнасці пра візіт Томаша Арлоўскага глядзіце таксама ў сюжэце Алеся Залеўскага ў праграме «Аб’ектыў».

КР, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў