Віцэ-прэм'ер Беларусі для «Белсату»: Учора паглядзеў ваш фільм


«Белсат» запытаўся ў намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага на Інвестыцыйным форуме ў Варшаве, як гандлёвая вайна паміж Расеяй і Захадам уплывае на беларуска-польскія адносіны.

Прадстаўнік уладаў Беларусі адказ пачаў здалёку: «Гэта жыццё. Гэта філасофія. Тры законы філасофіі чытайце: адмаўленне адмаўлення, адзінства і барацьба супрацьлегласцяў і пераход колькасці ў якасць. Таму вось колькасць спатканняў, падыходаў, напрацоўка матэрыялаў, перамовы кансультацыі ў выніку даюць якасныя развязанні».

Усюды мусіць быць праўда, заўважыў віцэ-прэм‘ер Беларусі. «Гэта тычыцца журналістаў і іншых. Часам, калі глядзіш, то ўсё скажаецца наадварот. Палітыкам – гэта адно, балюча. А трэба глядзець, ведаць і слухаць, што гэта ўсё чытаюць людзі. Калі яны бачаць, што нешта не так, – гэта балюча», – падкрэсліў намеснік кіраўніка ўраду Беларусі. Ён дадаў таксама, што нядаўна глядзеў адзін з фільмаў «Белсату», праўда, не прызнаўся які. «Вы самі ведаеце які», – скаментаваў спадар Русы.

Сярод фільмаў, якія трансляваў нядаўна «Белсат» была дакументальная стужка «Генерал няскончанай вайны» пра першага генерала Беларускай Народнай Рэспублікі Станіслава Булах-Балаховіча.

Калі ж прадстаўнік незалежнага тэлеканалу папрасіў спадара Русага канкрэтна адказаць на пытанне пра беларуска-польскія адносіны, той прамовіў: «Пры чым тут беларуска-польскія адносіны? Мы тут сядзім, падпісваем, вырашаем пытанні, развіваецца бізнес».

1 і 2 снежня ў Варшаве прайшоў Польска-беларускі інвестыцыйны форум «Інвестыцыі ў якасці шанцаў развіцця». У спатканні ўзяў удзел віцэ-прэм‘ер Беларусі Міхаіл Русы, а таксама шэраг беларускіх чыноўнікаў. Польскі і беларускі бок падпісалі дамову аб супрацы ў галіне мэблябудавання і перапрацоўкі нафты, а таксама ў сферы транспамежнай супрацы. Віцэ-прэм’ер Польшчы Януш Пехацінскі падкрэсліў на спатканні, што паміж Беларуссю і Польшчай трэба будаваць дарогі і масты, а не сцены. «Славянскія народы па абодва бакі мяжы добра ведаюць, што чалавек і праца важнейшыя, чым вайна, неспакой і гранаты», – дадаў прадстаўнік польскага ўраду.

Віцэ-прэм‘ер Міхаіл Русы – выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і Менскай партыйнай школы. У 2001-2003 гадах быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Але быў вызвалены з гэтай пасады Аляксандрам Лукашэнкам з фармулёўкай «за невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы». У 2010 годзе яго зноў прызначылі міністрам сельскай гаспадаркі, а праз два гады – намеснікам прэм’ер-міністра.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў