Везла беларусак для занятку прастытуцыяй у Турцыю, затрымалі ў аэрапорце


Відэа затрымання

Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць беларускі, якая вербавала дзеўчын для занятку прастытуцыяй у Турцыі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле следства, жанчына 1994 года нараджэння з мэтай атрымання матэрыяльнай выгады «ад неўсталяваных замежных асобаў» з пачатку 2017 па травень 2018 году вербавала праз інтэрнэт і садзейнічала перавозцы ў Турцыю з мэтах сексуальнай эксплуатацыі прынамсі трох беларусак. Абвінавачаную затрымалі падчас спробы вылецець з краіны з чарговай дзеўчынай.

Справу завялі паводле ч. 2 арт. 181 (вербаванне, перавозка, перадача, укрывальніцтва або атрыманне чалавека ў мэтах эксплуатацыі) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Абвінавачанай пагражае да 12 гадоў зняволення. Яе ўзялі пад варту, жанчына дае прызнальныя паказанні і супрацоўнічае са следствам.

На дадзены момант высвятляецца колькасці вывезеных для занятку прастытуцыяй беларусак.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў