Верыў у Беларусь і каханне. 85 гадоў з дня трагічнай смерці паэта Міхася Явара


85 гадоў таму Міхась Явар пастанавіў скончыць сваё жыццё. Пра беларускага паэта вядома няшмат. Яго не вывучаюць у школе, а нешматлікія звесткі пра ягонае жыццё часцей за ўсё абрываюцца паведамленнем пра самагубства. Belsat.eu наведаў радзіму паэта, каб высветліць абставіны трагічнай смерці.

Міхась Явар нарадзіўся ў 1903-м годзе ў Мінявічах, маляўнічай вёсцы ў Мастоўскім раёне на Гарадзеншчыне. Тут прайшло амаль усё ягонае кароткае жыццё.

Дом, дзе жыў Міхась Явар у в. Міневічы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пакінуць родную хату змусіла Першая сусветная вайна, падчас якой Міхась разам з сям’ёй у 1915 годзе падаліся ў бежанства. Пасля вайны бацькі паэта разам з чацвёркай дзяцей вярнуліся ў разрабаваную хату. Каб дапамагчы сям’і выжыць Міхась лавіў рыбу.

Нёман, на якім лавіў рыбу Міхась Явар. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Вёска Мінявічы месціцца пры самым беразе Нёмна, дзе кожная хата мае спуск да ракі. На падворку адной з хатаў сталая кабета карміла кураў. Пасля пытання, ці ведае яна паэта, жанчына згодна заківала галавой. Аказалася, што да бацькі жанчыны малады Міхась прыходзіў галіцца кожную суботу.

«Мая братавая з той хаты. Яны жылі тут побач у белым доме. Маці Алеся, бацька Андрэй. Агарод быў, груша вялікая. Яны жылі талкова ўсе, акуратныя былі. Толькі ён адзін такі нейкі быў, Міхась. Міхаіл Андрэевіч. Спачатку Карась, а потым ужо Явар. Ён да майго татка хадзіў галіцца. заўсёды прыходзіў у суботу. А то прыйшоў у чацвер. Пад нуль кажа, падстрыжыце. Бацька пытаецца, Міша, той жэж яшчэ не субота. Ну, мне трэба сёння. Ён падбрыў, а той пайшоў і застрэліўся».

Блеш Марыя Пятроўна, да бацькі якой Міхась прыходзіў галіцца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Спадарыня Марыя памятае, што за вылаўленую рыбу для сваёй беднай сям’і, хлопец умудрыўся купіць радыё, каб слухаць перадачы з Менску. Тады ў яго доме стала збірацца вясковая моладзь. У вёсцы Міхася любілі, ён быў вельмі кампанейскім, адкрытым на людзей, ніколі не адмаўляў у дапамозе. Збіраў вакол сябе маладых беларусаў, разам з якімі яны ставілі п’есы, вучылі беларускія песні і вершы, танцавалі. Міхась ладзіў сустрэчы наўпрост на сваім падворку.

«Я тады яшчэ не была такая цікавая, каб хадзіць туды.Там дзяўчаты старэйшыя хадзілі. Сядалі пад хатай на лаўцы. Ён выходзіў і так спяваў прыгожа. Голас меў добры. Я толькі адну песню помню, – спадарыня Марыя пачынае ціхенька зацягваць, – Плыве човен, вады повен, да ўсё ў воду хлюп-хлюп, да ўсё ў воду хлюп-хлюп. Хадзіў казак да дзяўчыны, да ўсё ножкай туп-туп, да ўсё ножкай туп-туп. Не тупайся ты, козачку, сваім чорным чубам, сваім чорным чубам. Твой чуб разаб’ецца, твой чуб разаўецца, а дзяўчына насмяецца… Усё, больш не помню».

Падпольная дзейнасць

Спадарыня Марыя ўзгадвае, што Міхась быў у падполлі, аднак у якім не памятае. Хутчэй за ўсё жанчына мае на ўвазе, яго дзейнасць у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, да якой належаў паэт. Гэта была масавая арганізацыя, якую падтрымлівала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Рух БСРГ змагаўся за ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.

Камень, на месцы самагубства Міхася Явара. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праз два гады падпольнай дзейнасці арганізацыю забаранілі ўлады міжваеннай Польшчы, а шмат якіх яе чальцоў пасадзілі ў турму. Па іншым баку мяжы, для маладога паэта ўдарам стаў тэрор, які распачалі камуністы ў Савецкай Беларусі супраць нацыянальных патрыётаў. У той час Міхась Карась прыдумаў сабе псеўданім – Явар, пад якім друкаваўся ў розных беларускіх газетах і часопісе «Шлях моладзі».

Нешчаслівае каханне і смерць

Дык чаму Міхась Явар застрэліўся? – пытаюся ў спадарыні Марыі.

«Ён хварэў на сухоты. І хадзіў да дзеўкі з суседняй хаты. Аніся яе клікалі, прозвішча Мікула. Яна была простай дзеўкай, але прыгожай. У той чацвер яна бегла да Нёмна і Міхась там сядзеў. Кажа, Аніся, то што, пойдзеш за мяне? А яна ведала, што ён туберкулёзны і кажа: ну што, пажывем два гады, а потым адна застануся, ні дзеўка, ні баба? І адмовіла. А ён на яе – пачакай да вечара. Яна пайшла на гару, а ён застрэліўся», – распавядае жанчына.

Суседскі дом, побач з домам Міхася, дзе жыла яго каханая Аніся. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

За сваім братам падглядвала малодшая сястра, якая спрабавала адштурхнуць пісталет з рук хлопца. Таму куля не трапіла адразу ў сэрца і пасля выстралу, Міхась яшчэ быў жывы. Яго прывезлі ў шпіталь.

«Яго завязлі ў Горадню. Ён ужо ляжаў тамака. Яшчэ жывы быў. Прыводзілі і ксяндза, і бацюшку, але не прыняў нікога. І праз пару дзён памёр там. Такое няшчасце. Аніся потым выйшла замуж у Гудзевічах. Але жыла таксама не доўга. Памерла, двух дзетак пакінуўшы. А яго кахала яшчэ настаўніца, полька з вёскі Каўшы. Яна, калі даведалася, то прыходзіла на той бераг».

Міхась Явар пайшоў з жыцця 27 чэрвеня 1933-га. Яму было ўсяго 30. Паэта пахавалі на могілках у суседніх Падбаранах, а на ягонай магіле ёсць надпіс: «Няхай жа лёгкім пухам будзе зямелька родная табе, якую шчыра ты любіў, дзе шмат страдаў ды мала жыў».

Магіла Міхася Явара на могілках каля вёскі Падбараны. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавядае Марыя Пятроўна, нікога не засталося ўжо таксама і з сям’і Міхася. Бацьку пахавалі ў Падбаранах, а маці ў Індуры. Дзве сястры і брат паэта таксама ўжо пайшлі з жыцця.

Перад смерцю паэт перадаў усе свае вершы сябру. Аднак падчас вайны яго жонка ўсё спаліла. Нешматлікія вершы засталіся ў часопісах і газетах, дзе друкаваўся малады паэт. Адзін з іх – вельмі кранальны і, магчыма, быў апошнім.

Рака Нёман, каля якой застрэліўся Міхась Явар . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

О мой Нёман мілы,

О мой Нёман родны,

Толькі ты застаўся верным

У маім жыцці,

у маім каханні,

У маім штодзённым цяжкім страданні.

Ты не пакрыўдзіў мяне,

Ты мне ніколі не здрадзіў,

Як здрадзілі людзі.

І цяпер вось глядзіш ты

Сваім поглядам нямым, чароўным,

Як быццам знаеш,

Што я ўжо ўсіх і ўсе пакінуў,

Што без пары іду ў магілу.

А ты, мой дружа,

Плыві так доўга,

Плыві так вечна.

Плюй гадам у вочы,

Бо паміж імі мноства ёсць здрайцаў,

Здрайцаў праклятых.

Яны, каб маглі,

То з неба зоры паздымалі б,

А твае крыштальныя воды

У зямлю пусцілі б.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў