«Вернем хлопцаў дадому!» Дзмітрыеў прапануе амністыю для беларусаў, што ваююць на Данбасе


Лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся ў камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў і да Генеральнага пракурора Беларусі з прапановай прыняць закон аб амністыі для беларусаў, якія ваююць на Данбасе як на баку Украіны, так і на баку сепаратыстаў.

Дзмітрыеў прапануе «даць трохмесячны тэрмін кожнаму грамадзяніну Беларусі, каб апынуцца дома». Гэта значыць, што ўсе, хто вернецца з Данбаса цягам трох месяцаў пасля ўступлення ў сілу новага закона, не падпадуць пад крымінальную адказнасць за наёмніцтва.

За падтрымкай Дзмітрыеў звярнуўся і да дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і Алены Анісім.

«Труна або турма»

Паводле палітыка, «у беларусаў, якія едуць ваяваць ва Украіну, ёсць толькі два варыянты вярнуцца дадому: у труне або ў турму».

«Праз 2 гады пасля пачатку вайны ва Украіне ўжо амаль ніхто не гатовы публічна апраўдваць гібель беларусаў на гэтай вайне. Нават тыя, хто раней казаў, што гэта і наша вайна таксама, сёння адмаўляюцца ад сваіх слоў і прызнаюць, калі ўжо трэба зʼехаць з краіны, лепш на вучобу або заробкі», – напісаў Дзмітрыеў на сваёй старонцы ў Facebook.

У беларусов, которые едут воевать в Украину, есть только два варианта вернуться домой. Худший и очень плохой. Худший, в…

Opublikowany przez Андрей Дмитриев Wtorek, 15 sierpnia 2017

Вядома, што артыкул 133 «Наёмніцтва» прадуглежвае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі ў выпадку, калі грамадзяне Беларусі прымаюць удзел у баявых дзеяннях за мяжой без дазволу на гэта дзяржавы. Таксама вядома, што беларусы ўдзельнічаюць у вайне на Данбасе ад самага пачатку – з вясны 2014 году.



«Белсат» запытаў у Андрэя Дзмітрыева, чаму «Гавары праўду» ініцыюе законапраект аб амністыі толькі цяпер, хаця вайна доўжыцца ўжо даўно.

«Я думаю, тыя, хто паехаў ваяваць, ужо асэнсавалі: гэта быў памылковы крок і хочуць вярнуцца, але баяцца пераследу. Тэма зноў стала актуальнай на тле адʼезду маладафронтаўца Сяргея Пальчэўскага. Я выступіў супраць і лічу, лепш было б зʼехаць працаваць альбо вучыцца. Новы закон дазволіў бы такім людзям спакойна вярнуцца, не трапіць у пастку. Бо ў турму ж ніхто не хоча..»., – сказаў палітык.

Ён падкрэсліў, што паводле законапраекту, амністыя мусіць закрануць і беларусаў, якія ваююць на баку фарміраванняў «ЛДНР».

«Калі чалавек хоча вярнуцца да мірнага жыцця, то трэба даць яму такі шанец незалежна ад таго, на якім баку ён ваяваў», – упэўнены кіраўнік «Гавары праўду».

Паводле Дзмітрыева, больш важна, каб беларусы вярнуліся дадому, чым магчымая негатыўная рэакцыя на амністыю для сепаратыстаў з боку Украіны.

– Але вы ж разумееце, што ўсе гэтыя людзі маюць баявы досвед, умеюць карыстацца зброяй і пры пэўных абставінах могуць уяўляць небяспеку для беларускага грамадства?

-Слухайце, мы жывем у краіне з самай вялікай колькасцю спецслужбаў і выдаткоўваем грошы на іхнюю працу. Калі яны будуць не ў стане кантраляваць некалькі сотняў чалавек, то навошта нам такія спецслужбы? – кажа Дзмітрыеў.

Як склаўся лёс тых, хто вярнуўся?

Сёння ў адкрытым доступе ёсць шмат інфармацыі пра беларусаў-баевікоў «ЛДНР», якія вярнуліся ў Беларусь, але не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па адпаведным артыкуле.

Гэтак, у кастрычніку 2015 года баевік «ЛНР» Іван Яравы быў затрыманы праваахоўнікамі на вакзале ў Воршы і нават змешчаны ў СІЗА. Пра гэта паведамляла дзяржаўная газета «Советская Белоруссия». Аднак тады выданне змаўчала дэталі: у Магілёўскім СІЗА Яравы правёў усяго некалькі дзён. Як пазней высветлілі журналісты, там Яравы гуляўся ў кампутарныя гульні і еў хатнюю ежу – яе разам з цыгарэтамі прыносіў следчы. Пасля ён падпісаў паперу аб тым, што «папярэджаны аб адказнасці, калі зноў паедзе ваяваць».

Іван Яравы

Аднак ён вярнуўся ў «ДНР» і ўжо праз пару тыдняў удзельнічаў у баі пад Ясінаватай. А ў жніўні 2016-га экс-баевік адпачываў у доме сваёй маці ў мястэчку Круглае Магілёўскай вобласці. Ніякай адказнасці для яго так і не наступіла.

Яшчэ адзін былы баевік Сяргей Трафімаў з Віцебску па вяртанні ў Беларусь прапанаваў свае паслугі КДБ. І спецслужбоўцы пагадзіліся: непрацяглы час Трафімаў працаваў «інтернет-тролем» – пакідаў абразлівыя каментары на сайтах незалежных медыяў. Калі журналісты апублікавалі гэтую інфармацыю, КДБ адхрысцілася ад свайго агента. Пазней Трафімаў быў накіраваны на псіхіятрычную экспертызу. Ва Украіне ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.

Гарадзенец Аляксей Фокаў сцвярджаў: калі ў Беларусі пачнецца Майдан, ён «залье ўсё крывёю». Напачатку гэтага году ён паведаміў журналістцы «Белсату», што знаходзіцца ў Горадні.

Аляксей Фокаў

Разам з тым, беларусы Станіслаў Ганчароў з «Азову» і Тарас Аватараў з «Правага сектару», атрымалі на радзіме рэальныя турэмныя тэрміны. Праўда, не за наёмніцтва, а за «злоснае хуліганства» і «незаконны зварот і перамяшчэнне праз мяжу зброі і боепрыпасаў». Да таго ж, Ганчароў быў асуджаны па справе, якая мела месца яшчэ да пачатку вайны.

Станіслаў Ганчароў

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык заяўляў, што ў дачыненні да беларусаў, якія ваююць на Данбасе, распачата 138 крымінальных спраў за наёмніцтва. Ніводны з фігурантаў дагэтуль не апынуўся ў судзе.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў