Верашчака для варшавяка: як палякаў знаёмяць з беларускай кухняй


На беразе Віслы ў адным з самых папулярных з «тусовачных» месцаў у цэнтры Варшавы спыніўся фуд-трак «Кухні канфлікту». Кожны тыдзень тут змяняюць меню, ад сёння – пануе беларуская кухня!

Адна з актыўных ўдзельнікаў «Кухні канфлікту» – вядоўца «Белсату» і кулінарная блогерка Аліна Коўшык.

 

У меню – беларускія бліны з рознымі дадаткамі, расейская салянка і польскія капыткі. Можна таксама пачаставацца хлебным квасам.

Адна з галоўных страваў – легендарная Верашчака, вядомая ў яшчэ з сярэдзіны XVIII стагоддзя – у ВКЛ і Польшчы. Сёння беларусы вяртаюць смак гэтай стравы ў Варшаву, дзе яе раней гатавалі пры двары караля Аўгуста III.

 

Грэчнева-пшанічныя бліны і ўласна Верашчака: мачанка з кілбасою, мясам, цыбуляй і прыправамі згатаваныя ў піве.

 

Каб спаталіць смагу, можна замовіць аўтарскі ліманад Аліны Коўшык – на аснове ліпавага і мятнага ўзвару з мёдам.

У межах «Кухні канфлікту» мігранты і ўцекачы, якія жывуць у Польшчы, частуюць мінакоў стравамі сваіх краінаў. Аўтары ідэі – тры маладых польскіх прадпрымальнікі. Сваёй справай яны намагаюцца несці пэўную сацыяльную місію: пазнаёміць аматараў смачна паесці з культураю і кухняю іншых краінаў.



На фота – каманда фуд-траку: Ярміла, Аліна, Фуру, Юстына і Ёася.


Глядзіце ўсе фота:

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў