«Вельмі цёплы чалавек». Польшча цягне Лукашэнку на Захад


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Ад «апошняга дыктатара Еўропы» да «вельмі цёплага чалавека». Як геапалітыка змяніла падыход Варшавы да Менску на 180 градусаў?

«Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, нам няма чаго дзяліць, – на гэтым тыдні прывітаў маршала польскага сенату Станіслава Карчэўскага кіраўнік Беларусі. – Мы заўжды жылі ў сяброўстве і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя».[/vc_column_text][vc_single_image image=”407292″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]

Рэжым не змяняецца, змяняюцца атрыбуты

Акрамя Лукашэнкі Карчэўскі сустрэўся са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, а таксама з прадстаўнікамі польскай меншасці і беларускай апазіцыі. Апошнія кажуць, што паляпшэнне стасункаў паміж Варшавай і Менскам ужо адбіваецца на падтрыманні грамадзянскай супольнасці.

«Непакой выклікае тое, што падтрыманне правоў чалавека на Беларусі, дэмакратычных выбараў, культурніцкіх і медыйных праектаў цяпер змяншаецца. Гэта відавочна», – кажа кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч.

Відавочна і тое, што мяняецца падыход польскіх уладаў да гэтых пытанняў.

«Апазіцыя і ўся грамадзянская супольнасць мусіць развівацца самастойна. Яны мусяць намагацца кансалідавацца ў Беларусі, падтрымліваць адзін аднаго і ўласна тут у Беларусі самім актыўна дзеяць», – заявіў Карчэўскі падчас візіту.

Не лёгка развіваць дэмакратычныя ініцыятывы ў краіне, дзе зусім нядаўна з турмаў выйшлі палітвязні. Прагрэс ёсць, але ці настолькі вялікі? На думку палітолага Валера Карбалевіч, палітычныя ўмовы змяніліся не моцна.

«У Беларусі існуе жорсткі аўтарытарны рэжым – апазіцыя і грамадзянская супольнасць знаходзіцца па за сістэмай. Яны ў нейкім гета, у нейкім андэрграўндзе, – лічыць Карбалевіч. – Прынцыпова не надта што змянілася. Апазіцыю не хапаюць і не саджаюць у турму, але штрафуюць. Сістэма не змянілася, змяніліся атрыбуты».

Тады якім чынам Аляксандр Лукашэнка, якога яшчэ нядаўна называлі на захадзе «апошнім дыктатарам Еўропы», стаўся адным з галоўных партнёраў Польшчы? Акрамя маршала Карчэўскага апошнім часам Менск паспелі наведаць кіраўнік польскай дыпламатыі, віцэ-маршал польскага парламенту, і нават віцэ-прэм’ер ураду.

«Лукашэнка ўсведамляе, што яго ўлада існуе, а нават некаторыя кажуць што ад гэтага залежыць яго жыццё, пакуль існуе незалежная Беларусь. А незалежная Беларусь, гэта Беларусь якая супрацоўнічае з Захадам, а не толькі залежыць ад свайго ўсходняга суседа», – кажа Анна Марыя Дынэр з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

На думку эксперткі, у польска-беларускіх стасунках застаюцца і нявырашаныя тэмы – напрыклад, Саюз палякаў Беларусі, справа якога не можа вырашыцца ўжо больш за 10 гадоў.[/vc_column_text][vc_single_image image=”407300″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Пасля расколу ў 2005 годзе дзеячы незалежнага ад уладаў Саюзу палякаў часта станавіліся ахвярамі рэпрэсіяў. Ад таго часу арганізацыя не можа атрымаць дазволу ўладаў на рэгістрацыю.

Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч казаў, што гэтае пытанне можна вырашыць. Пра гатовасць беларускіх уладаў да такога кроку казаў і Карчэўскі.

«Лепш каб быў дыялог, чым яго не было, – лічыць старшыня рады Саюзу палякаў Беларусі Анджэліка Борыс. – Мяркую, аднак, Менск будзе намагацца весці гэты дыялог на сваіх умовах».

У Менску ж чарговы раз пацвердзілі, што ёсць справы, да якіх беларускія ўлады не зменяць свайго стаўлення – напрыклад, «Карта паляка».

«Гэтае пытанне патрабуе сур’ёзнага вывучэння на ўзроўні экспертаў, – заявіў Міхаіл Мясніковіч. – Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны».

Але ёсць і тыя, хто крытыкуе пацяпленне стасункаў Варшавы і Менску. Сярод іх – прафесар Алесь Астроўскі, невыгодны ўладам навуковец, якога звольнілі з Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту.

«Калі польскія ўлады будуць папраўляць стасункі з прамаскоўскім рэжымам, які сёння існуе на Беларусі, не зважаючы на працэсы якія тут адбываюцца, яны будуць саўдзельнікамі рэжыму, бо ў Беларусі адбываецца этнацыд, які зʼяўляецца адной з формаў генацыду», – лічыць Астроўскі.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”407296″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Маршал польскага сенату паездкай у Беларусь застаўся вельмі задаволены.

«Для прэзідэнта Лукашэнкі інтарэс Беларусі – вельмі важны. Гэта відаць. Лукашэнка – вельмі цёплы чалавек», – заявіў Карчэўскі. Пакуль ніхто з прадстаўнікоў польскіх уладаў падобных ацэнак у дачыненні да кіраўніка Беларусі не агучваў.

«Тое, што зрабіла Расея ва Украіне, напужала Лукашэнку і іншых лідараў постсавецкай прасторы, таму мець нейкі калідор манеўру для яго важна, – кажа Валер Карбалевіч. – Па-другое, гэта сродак шантажу Расеі: маўляў, не дасце грошаў – сыдзем на Захад. Па трэцяе – гэта чыста эканамічныя інтарэсы, атрыманне крэдытаў, інвестыцыяў і тэхналогіяў».

Варшава ўжо не ўпершыню працягвае руку Менску. Апошняя няўдалая спроба скончылася ў 2010-м  – за тры гады да вайны Расеі супраць Украіны, якая так напужала ўсіх беларусаў і адштурхнула беларускія ўлады ад Масквы на Захад.

Руслан Шошын («Rzeczpospolita») адмыслова для «ПраСвету»

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» у пятніцу 9 снежня.

Стужка навінаў