«Вельмі дзіўна называцца пісьменнікам». У Менску прайшла прэзентацыя кнігі «Прытулак» Змітра Кустоўскага.


Свежыя кнігі толькі-толькі прыехалі з друкарні. У пакоі Арт-сядзібы – тры дзясяткі асобаў, знаёмыя твары пісьменнікаў і незнаёмыя – тых, хто проста зацікавіўся. Зміцер Кустоўскі, журналіст «Белсату» з Варшавы, хвалюецца, але шчасліва трымае ў руках сваю дэбютную кнігу «Прытулак».

Раман «Прытулак» Зміцер Кустоўскі пісаў тры гады. Выточваў сюжэт, збіраў досвед, працаваў, як сапраўдны беларус, таемна ад усіх.

«Калі чыталі кнігу першыя людзі і сказалі мне, што гэта можна чытаць, то я неяк супакоіўся. Бо калі ты пішаш, то страшнавата, ці гэта пойдзе ці не, ці можна ўвогуле гэта камусьці паказваць. Таму я не паказваў нікому, ні блізкім сваім, ні сябрам. А параіўся адразу з прафесіяналамі і супакоіўся».

На прэзентацыі кнігі «Прытулак» у Арт-сядзібе 4 снежня 2017.

З Варшавы Зміцер прыехаў, каб стаць сведкам, як з’явіцца кніга на радзіме, ды паразмаўляць з першымі яе чытачамі. Гаворка ў рамане «Прытулак» – пра маладога мігранта ў Польшчы. Ён прыстасоўваецца да жыцця далёка ад роднага краю, шукае свой шлях праз прыгоды, падарожжы, цяжкасці і каханне.

Тры гадзіны назад кнігі былі яшчэ ў друкарні.

Па тэме:

Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы» прызентуе кнігу.

«Я не буду казаць, што гэтая кніга шматпакутная, бо ў мяне такое ўражанне, быццам уся беларуская літаратура шматпакутная, – кажа Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы». – Мы працавалі над ёй паўтары гады. Аўтар вельмі адказна паставіўся да сваёй працы літаратара».

Зміцер Кустоўскі чытае ўрывак са сваёй кнігі.

На прэзентацыі Зміцер Кустоўскі распавёў пра кнігу, адказаў на пытанні, зачытаў колькі ўрыўкаў. Сціпла пісьменнік не наважваўся сам назваць сябе пісьменнікам, бо лічыць, што адной кнігі для гэтага мала.

Падтрымаць Змітра Кустоўскага прыйшоў іншы малады беларускі аўтар Кірыл Стаселька. Яго другая кніга «Marginalis» размясцілася побач з дэбютным «Прытулкам».

Кірыл Стаселька і Зміцер Кустоўскі

«У Беларусі выхад новай кнігі можна апісаць, трошкі змяніўшы знакаміты выраз: гэта маленькі крок для літаратуры і гіганцкі крок для чалавека. У нашай краіне аўдыторыя сучаснай літаратуры невялікая. Але дзякуючы новым аўтарам, гэтыя крокі ўсё ж робяцца, і кола аўдыторыі расце. З іншага боку, гэта гіганцкі крок. Калі вы не выдавалі кнігу, цяжка ўявіць, наколькі гэта складаная праца. Пачаць пісаць вельмі лёгка. Самае складанае – дайсці да канца і выдаць. Пераадолець тэхнічныя, псіхалагічныя аспекты. Ужо не кажучы пра тое, каб напісаць добрую кнігу. У Беларусі на гэтым зарабіць немагчыма, стаць знакамітасцю – таксама, таму аўтару яшчэ складаней. Мала таго, што трэба ўзяць сябе ў рукі, дапісаць, дык яшчэ не спадзявацца ні на грошы, ні на славу. Таму, відаць, павінен быць нейкі большы матыў за грошы ці папулярнасць», – кажа Кірыл Стаселька.

На прэзентацыю прыйшлі пісьменнікі, журналісты, а таксама людзі, якія проста зацікавіліся анонсам.

Вокладку кнігі стварыў мастак і паэт Павел Дарохін.

Павел Дарохін, мастак і піьсменнік, стваральнік вокладкі да кнігі «Прытулак»

«Спачатку я зрабіў вокладку з белым батонам. Чаму – трэба чытаць. Але яна не спадабалася. Тады я зкантактаваўся з аўтарам, спытаўся, што яму самаму хацелася б пабачыць, дадаў трошкі па тэксце», – кажа Павел Дарохін.

«Прытулак» Змітра Кустоўскага – прыгодніцкі раман, пабудаваны на рэальных падзеяў з жыцця беларускіх эмігрантаў.

Можна пабачыць тут і варшаўскі цягнік, і сімвал марсельскага футбольнага клубу – усё гэта ёсць у рамане. А таксама на вокладцы пазначана «18+».

«Бо гэта такі рок-н-рол, там ёсць сцэны гвалту, лёгкія, але ўсё ж. Ідзе таксама гаворка пра злодзеяў, наркотыкі», – тлумачыць Зміцер Кустоўскі.

На прэзентацыі 4 снежня ў Арт-сядзібе

Падчас імпрэзы ў Арт-сядзібе зайграў некалькі песняў Фёдар Жывалеўскі, лідар гурту «Голая манашка». На шчаслівы шлях новага раману.

Фёдар Жывалеўскі выканаў некалькі кампазіцыяў для прысутных на прэзентацыі.
Пасля імпрэзы
Зміцер Кустоўскі падпісвае сваю кнігу «Прытулак»

«Канешне, я хвалююся, не без гэтага, што тут зробіш. Але мне вельмі прыемна, што прыйшло нямала людзей, я лічу, як на першы раз. Акрамя знаёмых твараў, ёсць шмат новых людзей, якіх я не ведаю. Тым больш прыемна, што нехта проста пачытаў апісанне і вырашыў, што на гэта варта выдаткаваць вечар. А тое, што прыйшлі мае знаёмыя, сябры, мне прыемна, што яны падтрымалі мяне сваёй прысутнасцю. Бо гэта незвычайны дзень у жыцці», – кажа напрыканцы імпрэзы Зміцер Кустоўскі.

Пасля прэзентацыі можна было набыць і падпісаць кнігу у аўтара.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў