«Ведомости»: Продаж іншамарак у Расеі спыняецца


На расейскім рынку ўзнік дэфіцыт замежных аўтамабіляў. Пра гэта паведамляе расейская газета са спасылкай на крыніцы ў дылерскіх кампаніях.

Дыстрыбютары спыняюць пастаўкі машынаў дылерам, а дылеры спыняюць продаж насельніцтву. Аналітычнае агенцтва «Автосат» інфармуе аб падвышэнні коштаў з пачатку снежня 23 аўтавытворцамі.

Па інфармацыі газеты «Ведомости», BMW 16 снежня праінфармавала дылераў пра неабходнасць цягам двух дзён аплаціць аўтамабілі, на якія ўжо падпісаныя кантракты. Прадстаўніцтва Jaguar Land Rover з 19 снежня спыняе пастаўкі ў Расею да пераліку цэнаў. Гэта пры тым, што ў лістападзе Land Rover ужо індэксаваў цэны да 15 адсоткаў.

У апошнія месяцы аўтамабілі ў расейскіх аўтасалонах актыўна скупляюць і беларусы. У канцы лістапада некаторыя аўтасалоны ў Расеі прызнаваліся, што колькасць беларускіх кліентаў у іх узрасла ў 10 разоў. У суседняй краіне нават з’явіліся махляры, якія спрабуюць прадаць нашым суайчыннікам крадзеныя машыны. На што МУС Беларусі распрацаваў адмысловыя парады, як не стаць ахвярай злачынцаў.

ЗК, belsat.eu, паводле «Ведомости»

Стужка навінаў