Ведаем, што нічога не ведаем: «Атоммаш» адправіў у Беларусь другі рэактар


«Упершыню з 1991 года з цэху «Атоммаша» выйдзе корпус рэактара для Астравецкай АЭС, што ў Беларусі», – рапартавала летась расейскае тэлебачанне пра адгрузку першага за 25 гадоў корпусу рэактара для беларускай АЭС. Роўна праз год прэсавая служба «Росатома» паведаміла пра адгрузку другога корпусу з расейскага Валгадонску, які ўсталююць на Астравецкай АЭС. Што праўда, пакуль не зразумела – ці то замест пашкоджанага першага корпусу, ці то на другім энергаблоку.

«Усё такое дзіўнае, і ніякай інфармацыі не даюць»

«Куды яны падзенуць той корпус, што з ім будзе – пакуль ніякай інфармацыі аб гэтым няма. І адгрузкі назад гэтак так і не адбылося, хутчэй за ўсё. Нібыта планавалі, што прывязуць рэактар з іншай атамнай электрастанцыі. Урэшце вырашылі адгружаць з гэтага заводу. Усё такое дзіўнае, і ніякай інфармацыі нам папросту не даюць», – кажа Дзмітрый Кучук, першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя».

Не маюць аніякай інфармацыі, што сталася з пашкоджаным корпусам, і ў самой Расеі, кажа інжынер-ядравік, удзельнік беларускай антыядравай кампаніі Андрэй Ажароўскі.

«Самае галоўнае, што біты рэактар нельга будзе схаваць. Яго трэба альбо такім жа чынам везці на віду ва ўсіх назад у Расею, дзе можа быць яго будуць чыніць альбо абследаваць неяк. Калі гэтага не адбудзецца, то тады трэба напружвацца і можна будзе думаць, што атамшчыкі вырашылі жульнічаць і насамрэч не мяняць рэактар», – зазначыў спадар Ажароўскі.

Пастанову замяніць корпус беларускі бок прыняў у сёлетнім жніўні пасля інцыдэнту на будучай пляцоўцы Астравецкай АЭС. У ноч на 10-га ліпеня корпус рэактару пераносілі з аднаго месца ў іншае на вышыні некалькі метраў, калі зламаўся падымальны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. Паўгадзіны ён вісеў, нахіляючыся ўсё больш, пакуль не ўпаў на зямлю. Афіцыйны Менск прызнаў інцыдэнт толькі праз 16 дзён пасля здарэння, заявіўшы, што корпус проста атрымаў некалькі драпінаў. Папраўляць журналістаў тады выклікаўся нават кіраўнік краіны.

«Пішуць – «Упаў рэактар, дзе будуецца атамная станцыя ў Беларусі». Да прачніцеся вы ўжо: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус – «бочка» – таўшчынёй 20 сантыметраў, у які будзе змешчаны рэактар», – даводзіў Аляксандр Лукашэнка.

Рэактар прыбралі, занепакоенасць засталася

Аднак на фоне адсутнасці поўнай інфармацыі пра інцыдэнт грамадскасць Літвы і Беларусі выказала занепакоенасць ды нават звярнулася ў міжнародныя еўрапейскія структуры па дапамогу націснуць на ўрад Беларусі.

Адмыслоўцы звяртаюць увагу, што будаўніцтва аднаго корпусу рэактару ў сярэднім займае прыблізна два гады. Яшчэ каля двух-трох месяцаў рэактар будуць дастаўляць з Расеі ў Беларусь. Пры гэтым першы энергаблок БелАЭС мусіць запрацаваць ужо ў 2018-ым годзе. Але ўлічваючы гэтыя акалічнасці ды перыядычныя здарэнні на пляцоўцы будучай АЭС, у тым ліку са смяротнымі ахвярамі, гэты тэрмін застаецца пад вялікім пытаннем.

Віталь Бабін, «Белсат», фота – aemtech.ru

Стужка навінаў