«Вечны ў слове». У Горадні прэзентавалі кнігу апошніх успамінаў Генадзя Бураўкіна


У Горадні прадставілі кнігу апошніх успамінаў Генадзя Бураўкіна «Перадусім Беларусь».

Упершыню ў адной кнізе надрукавалі апошнія гутаркі з паэтам, яго ўласнае падсумаванне жыцця, творчасці і таксама апошні запавет нашчадкам.

«Берагчы Беларусь! Працягваць тое, што рабілі і не дарабілі яе лепшыя сыны. І спадзявацца, што ўсе мы – і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, – вечныя: вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове» – такія словы пакінуў перад смерцю Генадзь Бураўкін, беларускі паэт, дзяржаўны і грамадскі дзеяч.

Генадзь Бураўкін цягам жыцця займаў шмат высокіх пасадаў, быў Дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, прадстаўніком Беларусі пры ААН, намеснікам міністра культуры і друку, аднак да канца ён заставаўся паэтам.

Прэзентацыя кнігі Геннадзя Бураўкіна
Прэзентацыя кнігі Геннадзя Бураўкіна

Свае апошнія ўспаміны ён папрасіў запісаць Сяргея Шапрана, ураджэнца Латвіі, журналіста і філолага, які шмат гадоў прысвяціў даследаванню беларускай літаратуры. Паводле Сяргея Шапрана, без падтрымання Генадзя Мікалаевіча, ён бы не адважыўся завяршыць «Гісторыю жыцця Васіля Быкава». Апошнія ўспаміны, якія задакументаваў даследчык перад смерцю паэта, сталі асновай новай кнігі «Перадусім Беларусь».

«Дзякуй Богу, атрымалася надрукаваць адзін экзэмпляр кнігі за тры дні да смерці Генадзя Мікалаевіча. Ён узяў яе ў рукі, як сваё дзіця, як нешта сакральнае, і на яго твары з’явілася супакаенне», – узгадвае паэт Уладзімір Някляеў, які рэдагаваў кнігу.

Дыпламат, які застаўся паэтам

«Каб нехта не стаў апошнім беларускім паэтам, было ці не галоўным болем гэтага чалавека. Ён рабіў, што мог. Ствараў нацыянальнае тэлебачанне. Вельмі перажываў тое, што адбылося ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі пасля адраджэння пачаўся адкат. Русіфікацыя ішла такімі тэмпамі, як ніколі не было нават у савецкія часыё», – распавядае Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў

У сваю чаргу паэт Міхась Скобла, які на працягу многіх гадоў сябраваў з Генадзем Мікалаевічам прыгадвае выпадак, калі ў 1998-м годзе Аляксандр Лукашэнка ладзіў адзіную ў гісторыі свайго кіравання сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі.

«Я быў на гэтай сустрэчы і памятаю, як Бураўкін цэлую гадзіну даказваў Лукашэнку, якой павінна быць Беларусь, што мова павінна быць беларуская. Паўсюль, паколькі яна дзяржаўная. Заходзіў і злева і справа. На ўсялякія хітрыкі ішоў. Але было бачна, які гэта непрыступны мур. Сцяна, высокая і глыбока ўкапаная. Выслухаўшы ўсё гэта, Лукашэнка сказаў: «Ніякай Вам беларускай Беларусі не будзе! Мы за саюз з Расеяй. Мы за двухмоўе». Пасля такіх слоў можна было б упасці ў адчай і беспрасветны смутак. Скласці рукі і нічога не рабіць, але Бураўкін рабіў і зрабіў. І з’езд за незалежнасць правёў. Трэба памятаць, што для Генадзя Бураўкіна перад усім была Беларусь. Вось так, як называецца кніга пра яго. І тое, што ён быў першым прадстаўніком Беларусі ў ААН, – гэта вялікае шчасце для маладой краіны. Яе прадстаўляў па-першае вопытны дыпламат, па-другое патрыёт», – распавядае Міхась Скобла.

Сцяг для ААН

Як узгадвае Міхась Скобла, калі адбывалася першае паседжанне, патрэбен быў сцяг, які трэба было вывесіць на флагштоках перад ААН. Не ведаючы памераў і якім ён павінен быць, у апошнюю хвіліну, уначы, Генадзь Бураўкін разам з Юліяй Якаўленай са знойдзеных недзе кавалкаў тканіны самі шылі бел-чырвона-белы сцяг. І на наступную раніцу, ён лунаў сярод сцягоў іншых краін.

img_6736

Няма такой пасады, каб здрадзіць сяброўства

«У Генадзя Мікалаевіча ў жыцці былі дзве гісторыі, калі яму прапаноўвалі прадаць сяброў. Першы раз гэта было, калі ён вярнуўся з Нью-Ёрку. Яму абяцалі любую пасаду, якую ён толькі пажадае, але пры адной умове, – калі ён публічна выступіць з асуджэннем Васіля Быкава. На гэта Генадзь Бураўкін адказаў, што няма на свеце такой пасады, дзеля якой бы ён мог прадаць сяброўства з Васілём.

img_6748

Другі раз гэта было ўжо ў 2011-м годзе, калі ішлі суды над Уладзімірам Някляевым. Генадзь Мікалаевіч хадзіў на гэтыя суды і яму абяцалі ўсякія даброты і выданне кніжак, калі ён спаганіць імя Някляева. Бураўкін, канешне ж, адмовіўся. За апошнія дваццаць гадоў Генадзь Бураўкін не меў афіцыйнага прызнання, ні як паэт, ні як дзяржаўны дзеяч. Аднак, не зважаючы на гэта, яго ўсё адно называлі і называюць народным паэтам Беларусі», – распавядае біёграф паэта Сяргей Шапран.

«Смерці няма»

Кніга «Перадусім Беларусь» стала своеасаблівым помнікам Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, які да канца жыцця шкадаваў, што не ўсё паспеў зрабіць, а тое, што зроблена, магло быць лепшым і цікавейшым. Гэта адзіны выпадак у беларускай літаратуры, калі паэт сам папрасіў запісаць яго ўспаміны, ведаючы, што жыць яму засталося няшмат. Як прыгадвае Сяргей Шапран, яго вельмі хвалявала, што будзе пасля смерці.

img_6778

«Падчас маёй апошняй гутаркі з Рыгорам Барадуліным, ён сказаў мне, што смерці няма. І калі я паўтарыў гэта Бураўкіну, ён адказаў мне: «Дзякуй»», – распавёў Сяргей Шапран.

ПВ

Стужка навінаў