Вечарына на паддашку ў Гомлі: менш камерцыі і хатняя атмасфера


У гомельскай антыкавярні «Sweet Home» адбылася чарговая вечарына для аматараў незвычайнага начнога адпачынку. Гэтым разам тэматыкай імпрэзы стала экзотыка.

Ад звычайнага начнога адпачынку ў клубе гэтая вечарына адрозніваецца больш хатняй атмасферай. На прасторы двух пакояў размясціўся танцпол ды чыл-аўт-зона для больш разняволенага адпачынку. Музычнае суправаджэнне забяспечваюць ды-джэі з адмыслова падабранай хаўс- ды эмбіент-музыкай. Арганізатары імкнуліся ўсебакова разнастаіць атмасферу.

«Ідэя такога кшталту вечарынаў заключаецца ў тым, што мы імкнемся рабіць гэта не так, як робіцца ў камерцыйных клубах. Мы прапагандуем такую музыку, якая ў нашых клубах не гучыць (хаўс, тэхна, рэйв, габер, эмбіэнт) і тым самым прывіваем людзям густ да іншага варыянту праяўлення сябе, да іншага віду адпачынку, развіваем іх музычны кругазор. Збольшага такія вечарыны заснаваныя на пэўнай андэграўнднай тусоўцы і палова людзей, якія тут сабраліся, ведаюць адзін аднога і сябруюць. Але часам хочацца не проста збірацца дзе-небудзь на вуліцы ці дома, а чагосьці больш фармальнага», – кажа адзін з арганізатараў Харытон.

Моладзь прыцягвае магчымасць адпачыць больш нефармальна і мець магчымасць перазнаёміцца з большасцю гасцей, чаго звычайна надзвычай бракуе ў начных клубах Беларусі праз вялікую гасцей наведнікаў. А некаторым гукі музыкі нават дапамагаюць адпачыць.

«Тут пануе хатняя атмасфера. Гэта пэўнае ўрбанічтычнае гетта, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго. Тут можна вольна сябе адчуваць, апранацца як хочацца, патанчыць ці правесці час з сябрамі ў чыл-аўце. Таксама тут вельмі добрыя дыджэі. Я сёння прыйшла сюды каб проста легчы ў чыл-аўце і парэлаксаваць», – дзеліцца ўражаннямі Дар’я, якая прыйшла на імпрэзу.

Па словах арганізатараў, вечарыны на паддашку будуць працягвацца ўсё лета.

Яўген Мерлінаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары