Ліцэй імя Якуба Коласа: «Дзе мова – там Беларусь»


Месяц сустрэч выпускнікоў першым распачалі былыя і цяперашнія навучэнцы коласаўскага ліцэю.

Былых ліцэістаў, відаць, няма. Увечары 15 студзеня настаўнікі, выпускнікі і вучні з бацькамі зладзілі святочныя канцэрт у сямейнай атмасферы. Нагодай сустрэцца стаў 25-гадовы юбілей ліцэю. Нацыянальны гуманітарны ліцэй, які спачатку існаваў як ліцэй нядзельнага тыпу, быў заснаваны 14 студзеня 1990 года. Праз год загадам Міністэрства народнай адукацыі БССР ліцэй стаў стацыянарнай навучальнай установай з сядзібай на вуліцы Кірава, 21.

Сёння паміж выступленнямі ліцэйскіх гуртоў і словамі падзякі з боку выпускнікоў слова бралі і запрошаныя госці – літаратары Пятро Васючэнка, Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч, навукоўцы Валянцін Голубеў, Аляксандр Казулін ды Радзім Гарэцкі, а таксама перакладчык Лявон Баршчэўскі. Яны прыгадвалі лепшыя моманты з гісторыі ліцэю, ды стараліся даць ацэнку ягонай ролі ў сучаснай Беларусі.

Сёння ліцэй знаходзіцца фактычна ў нелегальным становішчы. Вучні вучацца пад Менскам і марнуюць на дарогу шмат часу, затое вывучаюць усе прадметы, апроч замежных моваў, па-беларуску. Таксама ліцэй мае свае ўласныя традыцыі: штогадовыя азнаямленчыя паездкі ў Польшчу, святкаванне Хэлоўіна, Раства і Новага года разам, сумесныя паходы ў тэатр ды кіно, ды выдаюць уласны часопіс «Трыкутнік».

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў