Вавёрка з... шляхецкай каронай. Як жывёлінка сталася гербам


Фота Наталлі Ягоравай

У свеце ёсць 48 гарадоў, якія маюць на сваім гербе выяву вавёркі. Сярод іх два беларускія гарадскія пасёлкі – Акцябрскі, што на Гомельшчыне, ды Вялікая Бераставіца на Гарадзеншчыне. Як вавёрка сталася сімвалам Вялікай Бераставіцы ды паспрыяла стварэнню самага «пухнатага» музею Беларусі?

Герб, якому больш за 250 гадоў

Вялікая Бераставіца ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1506 годзе. У 2006 годзе, калі ішла актыўная падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя мястэчка, мясцовыя ўлады абвесцілі конкурс па стварэнні герба.

Але кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук знайшоў у архіўных дакументах інфармацыю пра наданне Вялікай Бераставіцы магдэбургскага права і герба каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам ІІІ у 1754 годзе. У іх змяшчаўся адбітак пячаткі, дзе на авальным шчыце выяўлена вавёрка пад шляхецкай каронай.

«У аснову сучаснага герба Вялікай Бераставіцы і Бераставіцкага раёну «Чырвоная вавёрка пад залатой каронай», які быў зацверджаны Указам прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе, і быў пакладзены такі яго першапачатковы выгляд». – распавядае галоўны захавальнік фондаў музею Яўген Волкаў.

Усё, што звязана з вавёркай, сабралі пад адным дахам

Менавіта выява вавёркі на гербе і стала галоўным штуршком для стварэння музею. І вось ужо цягам двух гадоў «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы» паспяхова функцыянуе. За гэты час музей наведалі каля васьмі з паловаю тысячаў наведнікаў з Беларусі і замежжа.

Музей мае 4 залы: дзве з іх прыродазнаўчыя, дзе паказана жыццё вавёрак і іх адлюстраванне ў літаратуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Дзве іншыя распавядаюць пра гісторыю Бераставіччыны. Музей збірае разнастайныя рэчы, звязаныя з гэтым звярком: элементы адзення, паштовыя маркі, кнігі, цацкі, посуд, капілкі, значкі, цукеркі, манеты, першыя беларускія грошы з «Пагоняй» і іншае.



Музейная экспазіцыя пабудаваная на прынцыпах інтэрактыву. Тут можна шмат прадметаў памацаць рукамі ці зрабіць «сэлфі» з пудзілам вавёркі. У музею ёсць і свой жывы талісман – Юзя, чылійская вавёрка дэгу, якая таксама з’яўляецца часткай экспазіцыі ды заўсёды ў цэнтры ўвагі падчас дзіцячых экскурсіяў у музеі.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў