Васіля Парфянкова пасадзілі пад хатні арышт


Васіль Парфянкоў у судзе

Затрыманага 9 траўня ў Кіеве беларускага дабраахвотніка, былога палітвязня Васіля Парфянкова суд вырашыў адправіць за хатні арышт.

9 траўня ўкраінскія нацыяналісты з вакна офісу АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў») кідалі розныя прадметы ў шэсце «Бессмяротны полк», у адказ паліцыя заблакавала будынак. Большасць затрыманых неўзабаве адпусцілі з пастарункаў, аднак Парфянкова пакінулі. Парфянкову інкрымінуюць ч.2 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Украіны – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў». Пакаранне прадугледжвае да пяці гадоў абмежавання альбо да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Учора суд Пячорскага раёну Кіева вызначыў меру стрымання для Парфянкова – хатні арышт. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ягоны паплечнік Станіслаў Красноў. У судзе прысутнічалі дэпутаты Вярхоўнай Рады, у тым ліку камандзір батальёну «Данбас» Сямен Сяменчанка, якія прапанавалі ўзяць Парфянкова на парукі.

Таксама стала вядома, што ўкраінская пракуратура пачала праверку дзеянняў паліцыі ў дачыненні да актывістаў АУН 9 траўня.

У лютым 2016 году байцы АУН разграмілі офіс «Альфа-банку» у Кіеве і пабілі вітрыны ў «Сбербанку». Парфянкоў прымаў у гэтым удзел, у дачыненні да яго была распачатая адпаведная крымінальная справа, з таго часу ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Васіль Парфянкоў, былы палітвязень за Плошчу-2010, паехаў ваяваць на Данбас у складзе добраахвотніцкага батальёну АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»), у верасні 2015 году атрымаў раненне падчас баёў за населены пункт Пескі.

 

ІІ, belsat.eu; фота – старонка АУН у Фэйсбуку

Глядзі таксама
Каментары