Васіль Парфянкоў на волі: З турмы выйшаў у турму


А 6:30 палітвязня пад канвоем вывезлі з горацкай калоніі на вакзал, і пасадзілі на цягнік да Воршы. Толькі тут маладзён сустрэўся са сваймі сябрамі і адчуў сябе на волі.

Сустракаць Васіля Парфянкова ягоныя сябры выехалі з Менску яшчэ ноччу. Каля 6-й раніцы прыехалі да Горацкай калоніі №9. І адразу прыцягнулі да сябе ўвагу.

«Тут нельзя собираться, – сказаў мужчына без нейкіх апазнавальных знакаў, які выйшаў з будынка адміністрацыі. – І «говорите лучше по-английски, а то я ваш базар не понимаю».

Прыкладна праз паўгадзіны некалькі людзей у форме вывелі з-за брамы калоніі нейкага чалавека, хутка пасадзілі яго ў машыну і з’ехалі. Сябры выказалі меркаванне, што гэта павезлі Васіля, і паехалі за машынай на вакзал. І мелі рацыю, бо на вакзале Васіля пад канвоем пасадзілі ў цягнік да Воршы. Журналістаў, што хацелі сесці на гэты ж цягнік, не пусцілі міліцыянты.

Васіль папрасіў у спадарожніка мабільны тэлефон, і паведаміў сябрам, што едзе ў Воршу, і будзе іх чакаць там на вакзале.

На аршанскім вакзале, у буфеце, са шклянкай кавы яго і сустрэлі.

«Я не магу сказаць, што я адчуваю нейкую эйфарыю, што я на волі. Мо, таму што гэта не ў першы раз ужо, – падзяліўся сваймі адчуваннямі Васіль. – А мо, таму што я бачу, што тут, нібы на волі, ніякая не воля, а таксама турма. З таго, што я ведаю, ціск на актывістаў, на незалежную думку ўсё ўзмацняецца. Таму такое адчуванне, што з турмы я выйшаў у іншую турму, за іншыя краты».

Радасць вызвалення Васіля Парфянкова, як ён кажа, была моцна сапсаваная тым, што яго так вывезлі ў Воршу.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Я казаў ім – што вы мяне вязеце некуды? Я ўжо вольны чалавек» А яны ў адказ – мы выконваем загад. Калі не хочаш ехаць у Воршу, можаш выйсці недзе па дарозе. Але ты сядзеш на цягнік. – абураўся Васіль. – Яны нават не назваліся, хто яны такія».

«Будзем далей разам змагацца»

Але чакае Васіля на волі і радасць – за той час, як ён быў за кратамі, у яго нарадзілася дзіця, якога ён яшчэ ні разу не бачыў.

Васіль кажа, што турмой яго не зламалі і не зламаюць, і ён будзе далей змагацца за вольную і незалежную Беларусь.

«Я нацыяналіст да мозгу касцей. Я не хачу, канешне, каб у нас была вайна, але калі спатрэбіцца, я буду бараніць Радзіму. Давайце гуртавацца, прапаноўвайце ідэі, і будзем далей разам змагацца за нашую вольнасць», – зазначае актывіст.

Увесь час, пакуль Васіль на вакзале размаўляў з сябрамі і журналістамі, у баку стаялі і сачылі два мужчыны ў цывільным. Яны ішлі за Васілём і ягонымі сябрамі да машын, і назіралі да самага ад’езду.

Васіль правёў у горацкай калоніі год. Маладзён распавёў, што толькі 29 дзён прабыў у жылой зоне. Амаль увесь час зняволення актывіст правёў у ШЫЗО.

Васіль Парфянкоў быў асуджаны на год зняволення ў горацкай калоніі №9 за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду, які ён атрымаў пасля ўдзелу ў шматлікіх акцыях салідарнасці з палітвязнямі – удзельнікамі мітынгу пратэсту супраць фальшавання выбараў 19 снежня 2010 году.

Цягам наступнага года рэжым прэвентыўнага нагляду за Васілём працягнецца.

У Беларусі за кратамі застаюцца шэсць палітычных вязняў.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў