Васіль Парфянкоў: гэта нашая вайна


Што адбываецца на Данбасе і хто не прытрымліваецца ўмоваў замірэння? Пра гэта карэспандэнтка «Белсату» ў Кіеве Алена Літвінава гутарыць з Васілём Парфянковым – беларусам, які служыць у адным з добраахвотніцкіх батальёнаў на ўсходзе Украіны.

Ці існуе ў рэчаіснасці тое замірэнне, пра якое кажуць усе бакі – ад дыпламатаў да вайскоўцаў?

Цяпер складаная сітуацыя, асабліва ў Песках і пад Марыупалям. У нас, у Песках, ніякага замірэння не было. З нашага боку сапраўды не страляе цяжкая ўкраінская артылерыя. Больш ідзе страляніна са стралковай зброі. Артылерыі і мінамётаў супраць праціўнікаў мы не ўжываем. Увесь час адбываюцца дробныя правакацыі з іх боку. Падходзілі ў складзе дыверсійна-выведных групаў, закідвалі гранатамі, абстрэльвалі з РПГ, лёгкіх мінамётаў і адыходзілі.

На гэта мы адказвалі агнём, збольшага такім, каб толькі напалохаць ды паказаць, што мы стаім і будзем стаяць далей.

Як вядома, распачаўся адвод добраахвотніцкіх батальёнаў з лініі фронту. Як гэта ўспрынялі тыя, хто там служыць?

Цяпер адбываецца пэўная легалізацыя добраахвотніцкіх батальёнаў: дагэтуль мы нікому не падпарадкоўваліся. Цяпер прэзідэнт Украіны Парашэнка падпісаў указ, каб да канца гэтага месяца ўсе добраахвотніцкія батальёны падпарадкаваліся той ці іншай сілавой структуры: Міністэрству абароны, МУС ці СБУ. І цяпер сапраўды, тыя, хто служылі ў Песках з батальёну ОУН і часткова Правы Сектар адыходзяць на другую лінію абароны і цягам пэўнага часу будуць пераафармляцца ў адпаведныя роды войскаў. Напрыклад, будзе далучэнне да 93-й брыгады, але як мы былі батальёнам ОУН, так і застанемся.

Але ў добраахвотніцкіх батальёнах шмат замежнікаў. Кім чынам юрыдычна вырашаць гэтае пытанне?

Сапраўды, у нашым батальёне ёсць людзі з розных краінаў. Ёсць грузіны, расейцы, беларусы. Цяпер вырашаецца пытанне, пададзеныя дакументы на атрыманне статусу грамадзяніна або віду на жыхарства. Гэтым займаецца народны дэпутат Украіны Ігар Масійчук, які скіраваў афіцыйны запыт на адрас прэзідэнта, каб беларусам Майдана, беларусам АТО ды іншым замежнікам далі ўкраінскае грамадзянства. Бо сапраўды тым, хто цяпер ваюе на баку Украіны, ды хто вернецца пасля гэтага ў сваю краіну, «свецяць» турмы як наймітам. Паводле ж законаў Украіны грамадзяне іншых краінаў не могуць служыць у рэгулярным войску. Таму цяпер вырашаюць гэтае пытанне. Думаю, цягам месяца пытанне вырашаць, мы застанемся і будзем служыць, як і служылі побач з нашымі братамі-украінцамі.

Як успрымаюць гэтую вайну беларусы ды іншыя замежнікі? Як сваю ці чужую? Ці ёсць страты сярод беларусаў?

Мы ўспрымаем гэтую вайну, як сваю. Таму што і ў нас, і ва Украіны агульны вораг – так званы расейскі імперыялізм. Што датычыць стратаў, я не чуў, каб нехта загінуў ці быў паранены. Але я не магу казаць пра ўвесь фронт – наш батальён стаіць у Песках і з намі стаіць толькі Правы Сектар. Там таксама ёсць беларусы і ніхто з іх, дзякуй Богу, не быў паранены ці забіты.

 Гутарыла Алена Літвінава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары